Студопедия КАТЕГОРИИ: АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция |
Тэма, праблема, ідэя і пафас мастацкага твора
СЛОЎНІК ЛІТАРАТУРАЗНАЎЧЫХ ТЭРМІНАЎ
Алегорыя (ад грэч. allēgoría — іншасказанне, ад allos — іншы, agoreúo — гавару) — адлюстраванне абстрактных паняццяў ці з’яў праз канкрэтныя вобразы; персаніфікацыя чалавечых якасцей з дапамогай аналогіі: баран — увасабленне тупасці, ліс — хітрасці, свіння — неахайнасці, конь — працавітасці і г.д.
Алітэрацыя (ад лац. ad — да, пры і litera — літара) — від гукапісу, паўтарэнне ў мастацкім тэксце аднолькавых або падобных зычных гукаў, прадвызначанае пэўнымі мастацкімі мэтамі; напрыклад: “У бубны дахаў вецер б’е” (М. Багадановіч).
Аналогія (ад грэч. аnalogía — падабенства, адпаведнасць) — прыём мастацкага супастаўлення, заснаваны на выкарыстанні падабенства паміж прадметамі і з’явамі рэчаіснасці; напрыклад, вобраз Ганны ў рамане І. Мележа “Людзі на балоце” раскрываецца праз апісанне (аналогію) прыгожай рабіны ў квецені.
Анафара (ад грэч. anaphorá — вынас уверх; паўтарэнне) — паўтарэнне спалучэння гукаў, слоў ці словазлучэнняў у пачатку вершаваных радкоў або суседніх строф. Антытэза(ад грэч. antīthésis — супрацьпастаўленне) — мастацкі прыём, заснаваны на супастаўленні процілеглых прадметаў, з’яў, ідэй, пачуццяў і г.д. Антытэзы бываюць сюжэтныя, кампазіцыйныя, тэматычныя і г.д.; яны грунтуюцца на антаніміі, што падчас выяўляецца ў назве твора: “Агонь і снег” (І. Шамякін), “Свае і чужынцы” (І. Чыгрынаў).
Апавяданне — малы эпічны жанр; твор, у якім расказваецца, як правіла, пра які-небудзь адзін, вызначальны выпадак (сітуацыю, падзею) з жыцця чалавека. У апавяданні адна сюжэтная лінія, абмежаваная колькасць персанажаў, характары якіх паўстаюць перад чытачом ужо “сфарміраванымі”; апісанні адсутнічаюць альбо падаюцца надзвычай сцісла (“Васількі” М. Лынькова, “Сена на асфальце” М. Стральцова”, “Львы” І. Пташнікава). Вершаванае апавяданне як жанр упершыню сустракаецца ў беларускай літаратуры ў В. Дуніна-Марцінкевіча (“Славяне ў ХІХ стагоддзі”, “Люцынка, або Шведы на Літве”, “Травіца брат-сястрыца”, “Літаратурныя клопаты”). Да яго звяртаўся і Ф. Багушэвіч (“Быў у чысцы”, “Хцівец і скарб на святога Яна” і інш.) Досыць шырока звярталіся да вершаванага апавядання пісьменнікі ў пачатку ХХ ст. (“Вераніка” М. Багдановіча, творы “Зяць”, “Доктар памог”, “Святы Ян” Якуба Коласа; “Сват”, “Страх”, “У Піліпаўку” Янкі Купалы і інш.). Навела (ад італ. novella — навіна) многімі даследчыкамі разглядаецца як разнавіднасць апавядання. Яе сапраўды па аб’ёме можна супаставіць з апавяданнем, аднак навела характарызуецца напружаным, драматычым дзеяннем, лаканічным паказам падзей (як знешняга, так і ўнутранага жыцця персанажаў), нечаканым, нярэдка парадаксальным фіналам (“Бунт” Якуба Коласа, “Наталя” Янкі Скрыгана). Апісальнасць у навеле, такім чынам, практычна адсутнічае, кампазіцыя вызначаецца строгасцю, ядром сюжэта становіцца цэнтральная перыпетыя, з дапамогай якой жыццёвы матэрыял зводзіцца ў “фокус адной падзеі” (М. Эпштэйн). Нарыс і памфлет некаторыя даследчыкі адносяць да публіцыстычныя жанры. Аднак у сучасным беларускім літаратуразнаўстве яны разглядаюцца і ў якасці жанравых разнавіднасцей апавядання. Нарыс —гэта мастацка-дакументальнае апавяданне, у якім апісаны падзеі, якія сапраўды здарыліся ў жыцці, а персанажы маюць рэальных прататыпаў і выступаюць пад сапраўднымі прозвішчамі (“Званы ў прадоннях азёр” У. Караткевіча). Памфлет(ад грэч. pan ці pam — усё і phlego — палю, падпальваю) — невялікі твор выкрывальнага характару, дзе ў вострай сатырычнай форме высмейваюцца заганныя з’явы грамадскага жыцця, паводзіны тых ці іншых асоб і г.д. Гумарэска — невялікі твор (вершаваны ці празаічны), у якім нязлосна, але дасціпна высмейваюцца асобныя прыватныя з’явы грамадскага ці асабістага жыцця, рысы чалавечага характару і г.д.
Аповесць — эпічны твор, у якім з дапамогай шэрагу эпізодаў, больш ці менш разгорнутых апісанняў выяўляецца сутнасць якой-небудзь падзеі, станаўленне характару аднаго ці некалькіх персанажаў у іх развіцці. У старажытнай літаратуры паняццем “аповесць” пазначаўся любы аповед пра якія-небудзь падзеі (напрыклад, “Аповесць мінулых гадоў”). Сучаснае напаўненне тэрміна пачало акрэслівацца ў айчыннай традыцыі толькі ў ХІХ ст. Звычайна аповесць пішацца прозай, хаця існуюць і вершаваныя аповесці (як аповесці вызначаў свае творы “Гапон”, “Купала”, “Вечарніцы”, “Шчароўскія дажынкі” В. Дунін-Марцінкевіч; вершаваную “Аповесць пра залатое дно” напісаў А. Зарыцкі). Існуе многа жанравых разнавіднасцей аповесці: сацыяльна-бытавая, прыгодніцкая, гістарычная, псіхалагічная, сатырычная, фантастычная, дэтэктыўная, мастацка-дакуметальная і інш.
Асананс (ад франц. assonance — сугучнасць) — паўтарэнне ў мастацкім творы аднолькавых або падобных галосных гукаў, закліканае ўзмацніць інтанацыйную выразнасць твора: “Дарагая зямля, радзіма! // Слова вымавіць немагчыма” (А. Куляшоў).
Аўтар (ад лац. аuctor — віноўнік, заснавальнік) — творца (пісьменнік), які можа выяўляць сябе ў творы адкрыта і прыхавана, “ускосна” ў залежнасці ад стылю, жанравай спецыфікі мастацкага тэксту і іншых фактараў.
Байка — жанр эпасу; невялікі вершаваны (радзей празаічны) алегарычны твор, сатырычны або павучальны па змесце, у якім жыццё чалавека адлюстроўваецца з дапамогай вобразаў жывёл, раслін, рэчаў і г.д. Байка часта мае дыялагічную форму, шырока карыстаецца вольным (баечным) вершам. У кампазіцыі байкі выразна вылучаюцца дзве часткі: спачатку ідзе апісальная частка, затым афарыстычна выкладзеная мараль. Першыя беларуская байкі Ф. Багушэвіча (“Воўк і авечка”, “Свіння і жалуды”), А. Абуховіча (“Ваўкалак”, “Старшына”), А. Гурыновіча (“Казельчык), як заўважае В. Рагойша, “часта былі апасродкаваным або прамым наследаванем І. Крылову”. Росквіт беларускай байкі ў ХХ ст. звязаны з творчасцю Кандрата Крапівы; у пасляваенны час плённа працавалі ў гэтым жанры У. Корбан, Э. Валасевіч, М. Скрыпка.
Балада(франц. ballade, ад праванс. balada — танцавальная песня) — жанр ліраэпічнай паэзіі; драматычна напружаны, сюжэтны вершаваны твор казачна-фантастычнага, легендарна-гістарычнага ці гераічнага зместу. Балады бываюць фальклорныя (або народныя: з міфалагічнымі матывамі; казачныя і легендарныя; балады, якія мяшчаюць загадкі; гульнёва-карагодныя; навелістычныя ) і літаратурныя. Вытокі беларускай літаратурнай балады звязаны з ХІХ ст., з творчасцю Ф. Багушэвіча і А. Рыпінскага, якія звярталіся да фальклорных першакрыніц. Выдатныя ўзоры балад на беларускім матэрыяле ствараў А. Міцкевіч (“Свіцязянка”, “Рыбка”, “Пані Твардоўская” і інш.). Янка Купала, Якуб Колас, Алесь Гарун, Змітрок Бядуля таксама звычайна выкарыстоўвалі ў сваіх баладах фальклорныя сюжэты. Асаблівага росквіту дасягнула літаратурная балада ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў творчасці А. Куляшова. Звяртаюцца да балады і некаторыя сучасныя беларускія пісьменнікі: Янка Сіпакоў выдаў кнігу “Веча славянскіх балад”; найбольш актыўна зараз распрацоўвае гэты жанр Віктар Шніп.
Батлейка — народны лялечны тэатр, назва якога паходзіць ад слова Betleem — Віфлеем (паводле Евангелля, горад, у якім нарадзіўся Хрыстос). У Беларусі батлейка з’явілася ў XVI ст. (была вядомая ў розных мясцовасцях таксама пад назвамі “Віфлеем”, “Яселка”, “Вяртэп” і інш.). Узнікненне яе звязана са святам Раства Хрыстова. Першапачаткова ўсе прадстаўленні разыгрываліся на біблейскія сюжэты, героямі іх былі Дзева Марыя, немаўля Іісус, святыя. Пазней з’явіліся інтэрмедыі — камедыйна-побытавыя эпізоды, якія ўстаўляліся паміж кананічнымі сцэнамі. Для паказу прадстаўленняў з дрэва рабілі скрыню (звычайна ў выглядзе доміка ці царквы) з гарызантальнымі ярусамі-сцэнамі, у ніжняй частцы якіх рабіліся прарэзы для таго, каб можна было вадзіць лялькі. Упрыгожвалася скрыня рознакаляровай паперай, тканінай, на дальнім плане малявалі абразы, зоркі, вокны, крыжы і інш. Існавалі батлейкі, зробленыя па прынцыпе “тэатру ценяў” (у Віцебску, Веліжы), а таксама батлейкі са зменнымі празрыстымі дэкарацыямі (у Докшыцах). Выкарыстоўвалі ў прадстаўленнях лялькі-марыянеткі на нітках, а таксама пальчаткавыя лялькі. Паказы суправаджаліся музыкай, песнямі. Батлеечнік нярэдка быў не толькі адзіным выканаўцам, але і драматургам, рэжысёрам, “канферансье”. Прадстаўленне батлейкі складалася з двух частак: рэлігійнай і свецкай, кожная паказвалася на сваім ярусе, адпаведна, верхнім і ніжнім. Найбольшай папулярнасцю ў публікі карысталіся востра-сатырычныя жанравыя сцэнкі свецкага характару, у якіх вобразам махляра-лекара, злоснага пана, сквапнага купца супрацьпастаўляліся кемлівыя і вясёлыя героі з народа. Батлейка праіснавала ў Беларусі да пачатку ХХ ст. У наш час яе спрабуюць адраджаць энтузіясты. Белы верш(ад франц. vers blanc — белы верш) — нерыфмаваны верш у сілабічнай і сілаба-танічнай сістэмах вершаскладання, у якім вызначальная роля належыць клаўзулы (заключным складам вершаванага радка пасля апошняга націскнога склада), узмацняецца сэнсавыяўленчае і інтанацыйнае значэнне рытму. Паходжанне тэрміна звязана з практыкай ранняга кнігадрукавання, дзе рыфмаваныя радкі пазначаліся чырвонай фарбай, а нерыфмаваныя — звычайнай. Калі ва ўсім вершы не было рыфмаў, ён друкаваўся звычайнай фарбай і называўся “белым”. У Беларусі белы верш сустракаецца ўпершыню ў Сімяона Полацкага (у вершах на лацінскай мове). Асаблівае пашырэнне ён атрымаў у пачатку ХХ ст. у творчасці Янкі Купалы, М. Багдановіча, У. Дубоўкі; пазней да яго звярталіся А. Куляшоў, П. Глебка, Максім Танк, П. Панчанка і інш.
Бурлеск (франц. burlesque, італьянск. burlesco — жартаўлiвы, ад burla — жарт) — жанр камiчнай парадыйнай паэзіі, заснаваны на несупадзенні сутнасці і формы выказвання. Камiчны эфект абумоўлiваецца кантрастам памiж тэмай i характарам яе вырашэння, iнтэрпрэтацыi. Калi вiдавочна ўзвышаная тэма атрымлiвае падкрэслена будзённую, часам нават грубаватую трактоўку i выкладаецца “нiзкiм” стылем — гавораць пра травесцiю (ад італьянск. travestire — пераапранаць). Так, у беларускіх травесційных паэмах “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе” парадзіруюцца каноны класіцызму, пра багоў, міфалагічных герояў распавядаецца моваю звычайнай гутаркі. Калi ж “нiзкая” тэма ўвасабляецца ў відавочна “высокiм”, узвышаным стылi, такі твор называюць iроiкамiчным. Верлібр (свабодны верш) (ад фр. vers libre — верш свабодны) — верш без памеру (інакш: дысметрычны) і без рыфмы; у аснове яго рытму — чаргаванне аднатыпных у інтанацыйна-сэнсавых адносінах вершаваных радкоў. Як правіла, верлібр — гэта разважанне, медытацыя. Свабоднае мысленне тут спалучаецца з асацыятыўнай вобразнасцю, заснаванай на злучэнні канкрэтнага і абстрактнага паводле ледзь прыкметных, але відавочных змястоўных сувязей, падабенства. У сусветнай літаратуры верлібр мае больш даўнія традыцыі, чым у беларускай; да яго звярталіся П. Верлен, В. Брусаў, В. Хлебнікаў, В. Шымборска і інш. Ля вытокаў беларускага верлібра стаяў М. Багдановіч; прызнаным майстрам жанру лічыцца Максім Танк; цікавасць да верлібра ўзрастае з другой паловы ХХ ст. (творы А. Вярцінскага, А. Лойкі, Я. Сіпакова, А. Разанава і інш.).
Вершаскладанне (вершаванне, версіфікацыя) — сістэма арганізацыі вершаванай мовы, заснаваная на паўтарэнні пэўнага рытмастваральнага кампанента (вышыні гуку — у кітайскай паэзіі, працягласці галоснага гуку — у антычнай паэзіі, націскных ці ненацікных гукаў — у класічнай беларускай паэзіі і г.д.). На розных этапах развіцця мастацтва слова складваліся розныя сістэмы вершаскладання — сукупнасці прынцыпаў стварэння вершаў, абумоўленыя фанетычнымі, лексічнымі, сінтаксічнымі асаблівасцямі той ці іншай нацыянальнай мовы, традыцыямі нацыянальнай культуры. Так, сувязь паміж вершам і музыкай вызначыла асноўныя асаблівасці народнага вершаскладання. Наяўнасць у старажытнагрэчаскай мове доўгіх і кароткіх складоў абумовіла ўзнікненне антычнай (метрычнай) сістэмы вершаскладання. Літаратуры, якія ствараюцца на мовах з пастаянным (строга вызначаным) націскам, аддаюць перавагу сілабічнай сістэме. Паэзія, што ствараецца на мовах з рухомым націскам, карыстаецца танічнай (у аснове — прыблізна аднолькавая колькасць моцных, ці апорных націскаў у радку) і сілаба-танічнай (раўнамерна чаргуюцца націскныя і ненаціскныя склады) сістэмамі вершаскладання. Паводле В. Рагойшы, гісторыя развіцця асобных сістэм вершаскладання ў беларускай паэзіі пачынаецца з XVI ст., калі панаваў народны верш; тады ж беларускія паэты-лаціністы (Я. Вісліцкі, М. Гусоўскі) выкарыстоўвалі антычны (метрычны) верш. З таго ж часу вядзе свой пачатак і беларуская сілабіка (Ф. Скарына, А. Рымша, Я. Пашкевіч, пазней — Сімяон Полацкі). У канцы XVIII ст. узнікае беларуская сілаба-тоніка, якая з канца ХІХ ст. выцясняе сілабіку. Паступова да сілаба-тонікі далучаецца літаратурны танічны верш і свабодны верш.
Вобраз мастацкі — адметная форма эстэтычнага засваення і аднаўлення рэчаіснасці, канкрэтная, індывідуалізаваная і разам з тым абагуленая. Літаратура (як і мастацтва наогул) часам вызначаецца як “мысленне вобразамі”. Мастацкі вобраз — гэта канкрэтна-пачуццёвая форма не толькі аднаўлення, але і пераўтварэння рэчаіснасці, у ім аб’ядноўваюцца суб’ектыўнае і аб’ектыўнае, сутнаснае і магчымае, адзінкавае і агульнае, ідэальнае і рэальнае. Мастацкая каштоўнасць літаратурнага вобраза звязана з яго цэласнасцю. У літаратуразнаўстве паняцце “вобраз” выкарыстоўваецца ў некалькіх значэннях. Гаворачы пра мастацкія вобразы, маюць на ўвазе і так званыя славесныя вобразы (тропы), і вобразы-персанажы (вобразы герояў твора), і вобразы разнастайных прадметаў ці з’яў. Існуе некалькі класіфікацый літаратурна-мастацкіх вобразаў. Напрыклад, па ступені сэнсавай абагуленасці яны падзяляюцца на індывідуальныя, характэрныя, тыповыя, вобразы-матывы (часам вылучаюць і вобразы-настроі), топасы і архетыпы. Індывідуальныя вобразы вызначаюцца самабытнасцю, непаўторнасцю, у іх пераважае фантазійны пачатак: Квазімода ў “Саборы Парыжскай Божай Маці” В. Гюго, Воланд у “Майстры і Маргарыце” М. Булгакава і інш. Характэрны вобраз, у адрозненне ад індывідуальнага, з’яўляецца абагуленым. Ён утрымлівае агульныя рысы характараў і нораваў, уласцівых многім людзям пэўнай эпохі; раскрывае пэўныя заканамернасці грамадскага быцця (персанажы трылогіі Якуба Коласа “На ростанях”, рамана Г. Бёля “Дом без гаспадара” і інш.). Тыповы вобраз —вышэйшая ступень вобраза характэрнага, увасабленне найбольш істотных, важных рысаў, характэрных ці для самой сацыяльна-гістарычнай эпохі, ці для героя, народжанага гэтай эпохай (героі “Палескай хронікі” Івана Мележа). Вобраз-матыў — тэма, якая ўстойліва паўтараецца ў творчасці якога-небудзь пісьменніка і выражаецца ў розных аспектах з дапамогай вар’іравання найбольш значных яе элементаў (напрыклад, вобраз крыжа ў Янкі Купалы). Да топасаў (грэч. topos — месца, мясцовасць, літаральна: “агульнае месца”) адносяцца агульныя і тыповыя вобразы, якія ствараюцца ў літаратуры цэлай эпохі, нацыі (свет як тэатр у літаратуры эпохі Адраджэння, топас зямлі ў беларускай літаратуры, топас зімы ў рускай літаратуры і інш.). Тэорыя архетыпаў (ад грэч. arhe — пачатак, týpos — вобраз) дэталёва была распрацавана швейцарскім псіхолагам К.Г. Юнгам (1875—1961), які разумеў архетып як агульначалавечы вобраз, што бессвядома перадаецца ад пакалення да пакалення. Вытокі архетыпаў звязаны з эпохай Архаікі, у прыватнасці, з арахаічнай міфалогіяй; менавіта архетыпы сталі асновай пазнейшых вобразаў. Юнг залічваў да архетыпаў не толькі вобразы міфалагічных герояў, але і агульначалавечыя сімвалы — агонь, шлях, дом, сад і інш. Ад архетыпу, які бессвядома аднаўляе міфалагічныя матывы, сучасныя даследчыкі прапануюць адрозніваць міфалагему (міфему) (ад aнгл. mytheme) — свядомае запазычанне ў міфа матыва, тэмы ці яе часткі і аднаўленне ў больш позніх фальклорных ці літаратурных творах. Літаратурны твор, такім чынам, заўсёды ўяўляе сабой складаную сістэму вобразаў, якая будуецца на аснове законаў кампазіцыі. У шырокім сэнсе яна ўключае не толькі вобразы-персанажы, але і вобразы-рэчы (іх разнавіднасць — вобразы-інтэр’еры; вобразы-пейзажы (да якіх адносяцца пейзажныя дэталі, прыродныя працэсы і з’явы, ланшафты, гарадскія пейзажы і да т.п.); вобразы жывёл, а таксама вобразы-сімвалы, вобразы-матывы і інш.
Герой літаратурны — вобраз чалавека ў літаратурным творы, які складаецца з сукупнасці знешніх і ўнутраных уласцівасцей, характарыстык (партрэтныя апісанні, мова, учынкі, паводзіны, уземаадносіны з іншымі героямі і інш.). Побач з паняццем літаратурны герой ужываюцца паняцці персанаж, вобраз-персанаж (франц. personnage; ад лац. persona — твар, асоба, лічына), дзейная асоба(у драматургічных творах). Словазлучэннем “лірычны герой” абазначаюць вобраз, які ўзнікае ў свядомасці чытача ў выніку знаёмства з лірычным творам (або творчасцю) таго ці іншага паэта. Паняцце было ўпершыню сфармуляванае Ю. Тынянавым у 1921 г. у дачыненні да творчасці А. Блока; пазней тэрмін пачалі шырока выкарыстоўваць літаратуразнаўцы, праўда, і сёння яго напаўненне застаецца спрэчным. Вобраз лірычнага героя, з аднаго боку, нельга абсалютна атаясамліваць з асобай аўтара; разам з тым, нельга гаварыць і пра наяўнасць значнай “дыстанцыі” паміж лірычным героем і паэтам. У пэўным сэнсе, аўтар — гэта “прататып” свайго лірычнага героя. У сучаснай літаратуры сродкі стварэння вобразаў-персанажў надзвычай разнастайныя. Гэта аўтарская характарыстыка; аповед ад першай асобы; формы дзённіка і ліставання, успамінаў, стылізаваных мемуараў і дакументаў; аповед ад імя назіральніка; выказванні іншых персанажаў пра нероя, апісанне інтэр’ера, навакольнага асяроддзя, рэчаў, якія належаць перасанажу; прыём псіхалагічнага аналізу, прыём кантрасту і інш. Героі (персанажы) падзяляюцца на галоўных (цэнтральных), другарадных і эпізадычных. У драматургічных творах істотную ролю адыгрываюць пазасцэнічныя персанажы — героі, якіх няма на сцэне і якія не з’яўляюцца персанажамі ў літаральным сэнсе, але пра іх згадваюць іншыя дзейныя асобы ў дыялогах ці рэпліках. Такім чынам, сістэма персанажаў (іх узаемаадносіны, узаемасувязі, удзел у сюжэце і да т.п.) — адзін з найважнейшых складнікаў твора.
Гіпербала(ад грэч. hyperbolē — перабольшанне) — стылістычная фігура ці мастацкі прыём, заснаваная на рэзкім, наўмысным перабольшанні ўласцівасцей, асаблівасцей прадметаў з мэтай узмацнення выразнасці і вобразнасці мастацкай мовы. Назвычай характэрная для фальклору (казак, былін, легенд, балад). Яркія ўзоры гіпербалы сустракаюцца ў творчасці А. Куляшова (“Балада пра вока”), П. Панчанкі (“Герой”). Супрацьлеглы гіпербале троп — літота.
Гратэск (франц. grotesque, італ. grottesco — незвычайны, ад італ. grotta — грот) — троп, а таксама мастацкі прыём адлюстравання рэчаіснасці, які заключаецца ў парушэнні сапраўдных форм, памераў, уласцівасцей, прымет рэчаў, прадметаў, з’яў; ён грунтуецца на спецыфічным спалучэнні і кантрасце рэальнага і фантастычнага, трагічнага і камічнага, прыгожага і пачварнага. Гратэск адыгрываў значную ролю ў розныя літаратурныя эпохі і ў розных нацыянальных традыцыях: згадаем творы “Гарганцюа і Пантагруэль” Ф. Рабле, “Падарожжы Гулівера” Дж. Свіфта, “Пінскую шляхту” В. Дуніна-Марцінкевіча, “Тутэйшых” Янкі Купалы, “Запіскі Самосна Самасуя” А. Мрыя, “Трыбунал” А. Макаёнка і інш. Як элемент стылю, завостраны камічны прыём гратэск уласцівы цэламу шэрагу жанраў — памфлету, фарсу, фельетону і інш.
Гукапіс — такiя гукавыя паўторы ў мастацкай мове, якiя ўзмацняюць яе сэнсавую выразнасць (напрыклад, алiтэрацыя, асананс, гукаперайманне, гукавыя анафара i эпiфара i iнш.).
Гуманізм (ад лац. humanus — чалавечы, чалавечны) у літаратуры — ідэі і матывы чалавекалюбства, чалавечнасці, міласэрнасці, спачування да чалавека і г.д., увасобленыя ў літаратурных творах. Склаўся ў эпоху еўрапейскага Адраджэння (XIV—XVI стст.) як пэўная плынь перадавой грамадскай думкі, якая перадусім сцвярджала каштоўнасць асобы.
Гумар(ад англ. humour — гумар, нораў, настрой, схiльнасць) — адна з галоўных праяў камiчнага ў лiатаратуры, якая мае на ўвазе, што смешнае выказваецца ў жартоўным, добразычлiвым тоне. У аснове гумару ў лiтаратуры — смешнае ў жыццi (з’явы, падзеi, людзi); звычайна сур’ёзнае ў дадзеным выпадку хаваецца пад маскай смешнага. У гумарыстычных творах могуць выкарыстоўваца выяўленчыя магчымасцi iронii, гратэску, парадоксу.
Драма (ад грэч. dráma — дзеянне) — 1) род лiтаратуры (побач з эпасам i лiрыкай), у аснове якога знаходзiцца дзеянне, скiраванае на вырашэнне якога-небудзь канфлiкту; 2) у больш вузкiм сэнсе слова — адзiн з асноўных жанраў драмы як лiтаратурнага рода (побач з трагедыяй i камедыяй), у аснове якога знаходзiцца сур’ёзны канфлiкт, якi дапускае магчымасць добрай развязкi. 1) Драма належыць адначасова i лiтаратуры, i тэатру (сцэнiчнасць — адно з галоўных патрабаванняў, што прад’яўляюцца да драматургiчнага твора). Для твораў гэтага лiтаратурнага роду — п’ес — характэрны востраканфлiктныя сiтуацыi, якiя пабуджаюць персанажаў (дзейных асоб) да дзеянняў. Большасць п’ес пабудавана на адзiным знешнiм дзеяннi з яго перыпетыямi. Аднак у драматычным творы можа пераважаць i ўнутранае дзеянне, калi героi не столькi здзяйсняюць што-небудзь, колькi перажываюць канфлiктныя сiтуацыi i напружана асэнсоўваюць іх. У адрозненне ад эпасу i лiрыкi сродкамi стварэння дзейных асоб у драме з’яўляюцца iх уласная мова (дыялогi, маналогi, унутраныя маналогі, рэплiкi) i ўчынкi. Аўтарскiя каментарыi да п’есы абмяжоўваюцца рэмаркамi: атар як бы “перадаваярае” дзейным асобам свае думкi i пачуццi. Аснову кампазiцыi драматычнага твора складае падзел яе тэксту на адносна роўныя па аб’ёме акты цi дзеяннi з паўзамi (антрактамi) памiж iмi. Галоўнымi жанрамi драмы як лiтаратурнага рода з’яўляюцца трагедыя, камедыя i драма (у больш вузкiм значэннi). 2) Драма (у вузкiм значэннi) займае прамежкавае становiшча памiж трагедыяй i камедыяй. Падобна трагедыi, яна грунтуецца на сацыяльна-псiхалагiчных канфлiктах, але канфлiкт можа мець i нетрагiчную развязку. Падобна камедыi, драма звернута да адлюстравання сферы прыватнага жыцця, драматург iмкнецца прааналiзаваць сутнасць канфлiкту, а не “выправiць” яго з дапамогай смеху. Драма ў яе сучасным значэннi ўзнiкае не раней першай паловы XVIII ст. i фiгуруе як “мяшчанская драма”. Следам за ёй на мяжы XVIII—XIX стст. Узнiкае i меладрама (грэч. melos — песня i drama — дзеянне), для якой характэрны павышаная чуллiвасць, эмацыянальнасць, напружанасць i заблытанасць iнтрыгi, маралiстычная завостранасць. Сучасная драма выяўляе схiльнасць да змяшэння драматычнага i камiчнага, рэальнага i сiмвалiчнага, узвышанага i натуралiстычнага.
Дэталь мастацкая (ад франц. détail — падрабязнасць, дробязь) — сродак стварэння мастацкага вобраза, выразная падрабязнасць, якая мае ў творы істотную сэнсавую і эмацыйную нагрузку. Да мастацкіх дэталяў належаць у асноўным прадметныя падрабязнасці ў шырокім разуменні: падрабязнасці побыту, пейзажу, партрэта, інтэр’ера, а таксама жэсту, суб’ектыўнай рэакцыі, дзеяння і маўлення (так званая маўленчая характарыстыка). У залежнасці ад канкрэтнай аўтарскай устаноўкі дэталь можа ўдакладняць аўтарскую задуму, можа “факусаваць” аўтарскую ідэю, быць лейтматывам твора. Жанр літаратурны (ад франц. gеnre — род, від) — гістарычна акрэслены, адносна ўстойлівы тып літаратурных твораў, дзе з пэўнай кампазіцыйнай будовай, вобразным ладам, моўнымі сродкамі звязана выяўленне больш ці менш канкрэтнага мастацкага зместу. Генетычна кожны жанр звязаны з пэўным зместам; сувязь паміж зместам і формай працягвае захоўвацца і зараз: гімн — гэта выяўленне ў вершаванай форме ўрачыстасці, эпіграма — насмешкі, элегія — суму і да т.п. У межах эпасу як літаратурнага роду ў якасці асноўных вылучаюцца жанры рамана, аповесці, апавядання і інш. Асноўнымі жанрамі лірыкі прынята лічыць песню і верш. Драма як літаратурны род уключае жанры трагедыі, камедыі і ўласна драмы. У сваю чаргу, асноўныя жанры могуць разгортвацца ў сапраўдны “веер” жанравых разнавіднасцей. Напрыклад, апавяданне як эпічны жанр можа быць псіхалагічным, прыгодніцкім, дэтэктыўным, фантастычным, гумарыстычным і г.д.
Жыціе — жанр старажытнай жыційнай, агіяграфічнай (ад грэч. hagios — святы і graphō — пішу) літаратуры, твор, у якім апісваецца жыццё кананізаваных царквою асоб — святых (“Жыціе Еўфрасінні Полацкай”, “Жыціе Аўрамія Смаленскага” і інш.).
Ідэя (ад грэч. idea — паняцце, уяўленне) мастацкага твора — галоўная думка, увасобленая ў творы. Спасціжэнне ідэі, абумоўленай светапогляднай, грамадскай пазіцыяй аўтара, залежыць і ад светапогляду, ідэалаў, пазіцый чытача (часам аўтарская ідэя не супадае з той высновай, якую робіць чытач). У вялікіх творах, дзе вырашаецца шэраг праблем, можа быць і шэраг ідэй, падначаленых галоўнай ідэі; разм яны ўтвараюць ідэйны змест твора.
Інверсія (ад лац. inversio — перастаноўка) — адна з фігур літаратурнага сінтаксісу, расстаноўка слоў або словазлучэнняў у сказе, якая парушае іх звычайны граматычны парадак і мае на мэце дасягненне пэўнага мастацкага эфекту: “Жыццё закон нязломны мае: // Ніколі праўда не ўмірае” (М. Багдановіч); “Але і салодкі ад дружбы быў // Мой хлеб надзённы” (Максім Танк). Інтрыга (франц. intrigue, ад лац. intrico — заблытваю) — складаны, заблытаны вузел падзей у творы, разгортванне якіх звязана з раскрыццём нейкай таямніцы. Вырашэнне інтрыгі, як правіла, знаходзіца ў развязцы. Інтрыга можа быць сацыяльна-палітычнай, псіхалагічнай, любоўнай, прыгодніцкай і інш.
Іронія (ад грэч. eirōnéia — прытворства), альбо антыфразіс (ад грэч. antiphrasis — ужыванне слова ў супрацьлеглым значэнні) — стылістычны прыём (троп), які мае на ўвазе выкарыстанне слова (словазлучэння, выразу) у супрацьлеглым сэнсе з мэтай насмешкі. За знешняй пачцівасцю выказвання прыхоўваецца насмешка: з’яве наўмысна прыпісваецца ўласцівасць, якой яна не валодае, хаця ў адпаведнасці са “знешняй” логікай выказвання яго варта было б чакаць. “Ключ” да іроніі знаходзіцца не ў самім выразе, а ў кантэксце ці ў інтанацыі, часам — толькі ў сітуацыі выказвання. Іронія можа мець не толькі значэнне тропа (стылістычнага прыёма), але і своеасаблівага мастацкага прынцыпу адлюстравання рэчаіснасці, асмяяння з “двайным дном”. Менавіта прыхаванасць насмешкі адрознівае іронію ад гумару і ад сатыры. Іранічныя адносіны могуць выяўляцца і з дапамогай гратэску, парадоксу, пародыі, гіпербалы і інш. Злосная, з’едлівая іронія называецца сарказмам.
Камедыя (ад грэч. kōmōdia, ад kōmos — вясёлае шэсце, працэсія, натоўп і ōide — песня) — адзін з самых старажытных жанраў драмы як літаратурнага роду, у аснове яго знаходзіцца адметны тып канфлікту — камічнае супрацьстаянне. Камедыя звернута да асмяяння “непрыгожага” (таго, што супярэчыць грамадскаму ідэалу ці норме). Гістарычна склаліся два асноўных тыпы камедыі: камедыя сітуацый (становішчаў) і камедыя характараў. У першым выпадку крыніцай камічнага з’яўляюцца падзеі, сітуацыі, заблытаная інтрыга; у другім выпадку камічныя супярэчнасці закладзены ў характарах герояў, што выяўляецца па меры разгортвання дзеяння. У камедыі могуць знаходзіць увасабленне розныя віды камічнага (як адной з найважнейшых эстэтычных катэгорый) — гумар, іронія, сатыра, сарказм. Надзвычай важным сродкам стварэння камічнага эфекту становіцца мова персанажаў. Жанравы дыяпазон сучаснай камедыі вельмі шырокі: існуюць камедыі сацыяльна-бытавыя, лірычныя, рамантычныя, гераічныя, фантастычныя, а таксама вадэвілі, сатырычныя фарсы, памфлеты і інш.. Асаблівае распаўсюджанне ў ХХ ст. атрымала трагікамедыя, якая спалучае ў сабе рысы двух “супрацьпастаўленых” драматургічных жанраў.
Кампазіцыя (ад лац. compositio — складанне, упарадкаванне; ад componere — складваць, будаваць, афармляць) — 1) у шырокім значэнні — уся сукупнасць адносінаў паміж элементамі мастацкай формы; 2) у больш вузкім значэнні — пабудова твора, абумоўленая яго зместам (сюжэтам). Часам адрозніваюць знешнюю будову, або архітэктоніку, і ўнутраную будову, або уласна кампазіцыю. Да архітэктонікі ў такім выпадку адносяць сістэму вонкавай арганізацыі твора (наяўнасць і размяшчэнне асобных раздзелаў, актаў, сцэн, страфічных форм). Аднак у цэлым аналіз кампазіцыі павінен ахопліваць адначасова і знешнюю будову твора, і логіку раскрыцця зместу ўнутры раздзелаў, строф і да т.п. Таму, як правіла, кампазіцыя ўключае: — знешнюю будову твора, логіку раскрыцця зместу ўнутры строф, актаў, сцэн, раздзелаў і г.д.; — расстаноўку персанажаў, іх сістэму (у эпічных і драматургічных творах); — чаргаванне сюжэтных і пазасюжэтных элементаў; — змену прыёмаў апавядання ў эпічных творах (аўтарская мова, аповед ад першай асобы, дыялогі і маналогі персанажаў, разнастайныя віды апісанняў і інш.). Да найбольш распаўсюджаных кампазіцыйных прыёмаў адносяць храналагічныя перастаноўкі асобных падзей ці некаторых кампанентаў сюжэта, умаўчанне, пазнаванне, адсутнасць экспазіцыі, развязкі дзеяння і г.д. Часам асобныя творы могуць аб’ядноўвацца ў структурна-кампазіцыйныя комплексы: трыпціх (тры тэксты на адну тэму); цыкл (шэраг тэкстаў, аб’яднаных тэмай, галоўнай ідэяй ці жанравымі прыметамі); зборнік (кніга, цэласная і завершаная паводле задумы і размяшчэння ў ёй твораў), альманах (кніга, якую складаюць творы пісьменнікаў-сучаснікаў пэўнай мясцовасці альбо кірунку), анталогія(зборнік выбраных твораў розных аўтараў) і г.д.Дзве, тры, чатыры або пяць аповесцей (ці раманаў), аб’яднаных агульнымі героямі і ідэйнай задумай, утвараюць адпаведна дылогію (“Партызаны” і “Сыны ідуць у бой” А. Адамовіча), трылогію (“На ростанях” Якуба Коласа), тэтралогію (“Чужая бацькаўшчына”, “Год нулявы”, “І скажа той, хто народзіцца”, “Голас крыві брата твайго” В. Адамчыка), пенталогію (“Трывожнае шчасце” І. Шамякіна).
Кірунак (напрамак) літаратурны — творчае адзiнства груп лiтаратараў пэўнага гiстарычнага перыяду, блiзкiх паводле светапогляду i мастацкай манеры. Прадстаўнiкi аднаго лiтаратурнага кiрунку распрацоўваюць агульныя матывы i тэматыку, выкарыстоўваюць падобныя выяўленчыя сродкi; творчае адзiнства нярэдка замацоўваецца арганiзацыйна — праз стварэнне лiтаратурнай арганiзыцi, друкаваны орган, выступленне з манiфестам i г.д. Часам лiтаратурныя кiрункi ўтвараюцца ў межах адной мастацкай сiстэмы (акмеiзм, iмажынiзм, сюррэалiзм i iнш. — у межах мадэрнiзму).
Класіцызм(ад лац. classicus — узорны) — мастацкі метад і эстэтычны кірунак у еўрапейскім мастацтве і літаратуры XVII — пачатку XIX стст., аснову якога складалі прынцыпы рацыяналізму, “пераймання прыроды”, зварот да антычнага мастацтва як да эстэтычнага эталона. Паэтыка класіцызму пачала складвацца ў эпоху позняга Адраджэння ў Італіі, але як цэласная эстэтычная сістэма ён сфарміраваўся ў Францыі XVII ст. Ля вытокаў тэорыі і практыкі класцізму стаяў Ф. Малерб, аднак закончанае, сістэмнае выражэнне паэтыка класіцызму атрымала ў вершаваным трактаце Нікаля Буало “Паэтычнае мастацтва” (1674), у якім быў абагулены мастацкі вопыт французскай літаратуры XVII ст. Філасофская база класіцызму — рацыяналізм; яго прынцыпы вызначылі строгую нарматыўнасць эстэтыкі і паэтыкі гэтага “вялікага стылю эпохі”. Класіцысты сцвярджалі прыярытэт розуму і парадку над хаосам паўсядзённага жыцця; вялікая роля надавалася грамадска-выхаваўчай функцыі мастацтва. Характар героя, як правіла, будаваўся на адной галоўнай рысе. Патрабаваннямі рацыяналізму вызначаліся і законы стварэння мастацкага тэксту: яго часткі павінны быць суразмерныя і гарманічныя, твор мусіць вызначацца лагічнасцю, прадуманасцю кампазіцыі, прастатой сюжэта. Класіцысты абвясцілі прынцып “пераймання прыроды”, аднак вартым назірання і пераймання ў мастацтве лічыліся толькі разумныя праявы прыроды, яе лагічныя заканамернасці. Абавязковай умовай было і дакладнае выкананне правіл, запазычаных з антычнай паэтыкі (працы Арыстоцеля, Гарацыя) і мастацтва. Антычная літаратура лічылася прыкладам для пераймання, паколькі менавіта ў ёй быў увасоблены абсалютны ідэал прыгожага. Класіцызм устанаўліваў строгую іерархію жанраў, якія падзяляліся на 1) “высокія” (трагедыя, эпапея, ода) — звернутыя да адлюстравання дзяржаўнага жыцця, гістарычных падзей, міфалогіі; іх героі — манархі, знакамітыя палкаводцы, міфалагічныя персанажы і г.д.; 2) “нізкія” (камедыя, сатыра, эпіграма, басня), дзе паказвалася паўсядзённае жыццё людзей сярэдніх саслоўяў. Не дапускалася змяшэння ўзвышанага і нзкага, трагічнага і камічнага. Вядучым жанрам класіцызму была трагедыя, героі якой былі пастаўленыя перад неабходнасцю выбару паміж маральным доўгам і асабістымі страсцямі. Драматургі-класіцысты павінны былі прытрымлівацца правіла трох адзінстваў: часу (дзеянне ў п’есе абывалася на працягу 24 гадзін), месца (адна дэкарацыя), дзеяння (адсутнасць пабочных сюжэтаў). Пад уплывам французскай літаратуры класіцызм развіваецца ў Англіі, Італіі, Германіі. У Расіі класіцызм пачаў складвацца ў другой чвэрці XVIII ст. — у творчасці А. Кантэміра, В. Традзьякоўскага, М. Ламаносава. У беларускай літаратуры класіцызм прадстаўлены своесабліва — у ананімных парадыйна-сатырычных творах “Уваскрэсенне Хрыстова”, “Энеіда навыварат”, а таксама ў “Тарасе на Парнасе” К. Вераніцына. У “чыстым выглядзе”, як зазначае В. Рагойша, ён увасобіўся ў шматмоўнай літаратуры Беларусі канца XVII — пачатку ХІХ стст. у творах на лацінскай мове (М. Карыцкі), польскай (А. Нарушэвіч, Ю. Нямцэвіч, Ф. Багамолец), рускай (І. Сакольскі, І. Галянеўскі). Тэарэтычныя яго прынцыпы ў сваіх курсах паэтык распрацоўваў выкладчык Полацкай калегіі М. Сарбеўскі (“Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер”).
Крытыка літаратурная (ад грэч. kritike — мастацтва ацэньваць) — літаратурныя творы розных жанраў (артыкулы, рэцэнзіі, нататкі, эсэ і інш.), прысвечаныя ацэнцы, разбору і вытлумачэнню літаратурна-мастацкіх твораў; адзін з важнейшых складнікаў літаратурнага працэсу.
Летапіс — жанр старажытнай мемуарнай літаратуры, у якім запіс дакладных звестак пра пэўныя падзеі, сведкам якіх быў летапісец, спалучаўся з літаратурна апрацаванымі паданнямі пра легендарную мінуўшчыну.
Лірыка (ад грэч. lýra — музычны інcтрумент, пад акампанемент якога выконваліся вершы, песні; lyricós — той, хто спявае пад гукі ліры; музычны) — адзін з трох родаў літаратуры (побач з эпасам і драмай), у якім на першы план выходзіць суб’ект, яго пачуцці і перажыванні, адносіны да рэчаіснасці. Прадметам адлюстравання ў лірыцы з’яўляецца духоўнае жыццё чалавека, свет яго ідэй і пачуццяў. Галоўная адметнасць гэтага літаратурнага роду — суб’ектыўнасць: аб’ектыўнае, рэчыўнае ў лірычным творы часцей за ўсё раствараецца ў суб’ектыўным. У залежнасці ад зместу твораў адрозніваюць лірыку грамадзянскую, філасофскую, інтымную, пейзажную; вылучаюць таксама лірыку медытатыўную (развагі над вечнымі праблемамі быцця) і сугестыўную (засяроджаную на перадачы эмацыянальнага стану). Усю разнастайнасць жанраў і жанравых разнавіднасцей лірыкі можна ўмоўна аб’яднаць у дзве вялікія групы: песні і вершы. Найбольш старажытныя ананімныя народна-песенныя тэксты сямейна-абрадавай і каляндарна-абрадавай лірыкі. Элементы лірыкі (лірызм) выяўляюцца і ў эпічных, драматычных творах (лірычныя адступленні, эмацыянальная насычанасць твораў і інш.). У сваю чаргу, элементы эпасу (адзнакі сюжэтнасці) і драмы (напружанасць думкі і пачуцця, дыялагічная форма выражэння і інш.) прысутнічаюць у самой лірыцы. Родавыя рысы як эпасу, так і лірыкі прысутнічаюць у лірычнай прозе — стылістычнай разнавіднасці мастацкай прозы, што аб’ядноўвае творы розных жанраў (станаўленне сучаснай беларускай лірычнай прозы звязана з творчасцю М. Стральцова і Я. Брыля). Часцей за ўсё лірыка звяртаецца да вершаванай формы (само слова “лірыка” нярэдка выкарыстоўваецца як сінонім паэзіі).
Лiтаратуразнаўства— навука, якая вывучае мастацкую лiтаратуру як форму адлюстравання рэчаіснасці і як від мастацтва. Сучаснае лiтаратуразнаўства — складаная i рухомая сiстэма розных дысцыплiн. Як правiла, адрознiваюць тры галоўныя галiны лiтаратуразнаўства: тэорыю лiтаратуры, гiсторыю лiтаратуры i лiтаратурную крытыку. Тэорыя лiтаратуры даследуе агульныя законы структуры i развiцця лiтаратуры: яе сутнасць, своеасаблівасць прыгожага пісьменства як грамадскай з’явы і аднаго з відаў мастацтва; сацыяльна-гістарычную ролю і прынцыпы аналізу літаратуры. Гiсторыя лiтаратуры вывучае гістарычныя заканамернасці ўзнікнення і развіцця нацыянальных, рэгіянальных і сусветнай літаратур, устанаўлівае месца і значэнне творчасці тых ці іншых пісьменнікаў і асобных іх твораў у літаратурным працэсе. Крытыка лiтаратурная скіраваная на асэнсаванне бягучага літаратурнага працэсу і яго складнікаў.
Літота(ад грэч. litótēs — драбніца, умеркаванасць; прастата) — наўмыснае змяншэнне ці змякчэнне ўласцівасцей, прымет, значэнняў тых ці іншых прадметаў, з’яў з мэтай узмацнення эмацыйнага ўздзеяння і выражэння аўтарскіх адносін да аб’екта мастацкага адлюстравання, на якім засяроджваецца ўвага. Выкарыстанне літоты разам з гіпербалай надае асаблівую дынаміку прадмету адлюстравання: “З камаровы нос сякерку // Сцісне, крэкне, замахае — // Зробе пашчу, як талерку, // Свет дрывамі закідае” (Ф. Багушэвіч. “Дурны мужык, як варона”).
Мадэрнізм (ад фр. moderne — найноўшы, сучасны) — агульная назва напрамкаў у мастацтве і літаратуры канца ХІХ — першай паловы ХХ стст, якія супрацьпастаўлялі сябе рэалістычнаму мастацтву і абапіраліся на эксперымент (у адносінах да мастацкай формы, мовы і г.д.). У якасці акрэсленай мастацка-эстэтычнай сістэмы мадэрнізм выступае з 1920-х гг. Мадэрнісцкія кірункі (імпрэсіянізм, акмеізм, футурызм, экспрэсіянізм, імажынізм, сюррэалізм, дадаізм, школа “плыні свядомасці” і інш.) звычайна абвяшчалі пра сябе як пра мастацтва падкрэслена “сучаснае” (адсюль і паходжанне тэрміна). Найбольш важнымі рысамі мадэрнізму сталі разрыў з гістарычным вопытам мастацкай творчасці; сцвярджэнне каштоўнасці суб’ектывісцкага і індывідуалісцкага светаадчування; умоўнасць стылю; апора на сімволіку, міфалагізацыю, пастаяннае абнаўленне мастацкіх форма. Літаратурны мадэрнізмпаўстае сукупнасцю школ і плыняў. Для мадэрнісцкай літаратуры ў цэлым характэрнае адмаўленне класічных традыцый ХІХ ст.: напрыклад, паэты-мадэрністы адмаўляліся ад традыцыйнай метрычнай сістэмы на карысць верлібра; празаікі Дж. Джойс і В. Вулф сцвярджалі “плынь свядомасці” як новы спосаб мастацкага аднаўлення ўнутранага свету чалавека і знешняй рэальнасці. Цэнтральнае месца ў творчасці мадэрністаў займае тэма адзіноты. Мадэрнісцкае светаадчуванне (творы Ф. Кафкі, М. Пруста, Э. Паўнда і інш.) звязана з меркаваннем пра “несупадзенне” і нават глыбокі разрыў паміж духоўным вопытам асобы і жыццём грамадства. У мастацкім свеце, створаным пісьменнікамі-мадэрністамі, у цэлым дамінуюць адчуванні ізаляванасці чалавека ад навакольнага свету, адчужанасці, абсурдансці кожнага індывідуальнага існавання і рэчаіснасці ў цэлым. Своеасаблівымі “вехамі” літаратурнага мадэрнізму з’яўляюцца раман Дж. Джойса “Уліс” і паэма Т. С. Эліята “Бясплодная зямля” (абодва творы пабачылі свет у 1922 г.). У выяўленчым мастацтве першай чвэрці XX ст. вылучыліся заснавальнікі кубізму Ж. Брак і П. Пікаса. Пад уплывам кубізму складвалася творчасць аднаго з лідэраў літаратурнага авангарду таго часу, французскага пісьменніка Гіёма Апалінэра (псеўданім Альберта Уладзіміра Аляксандра Апалінарыя Вонж-Кастравіцкага, радавое гняздо якога, дарэчы, знаходзілася на беларускіх землях, у Наваградку). Футурысты свядома разрывалі з традыцыямі класічнай літаратуры, абагаўляючы тэхніку і свет, у якім перамагае хуткасць і энергія. Экспрэсіяністы адлюстравалі ў сваёй творчасці ўнутраныя перажыванні суб’екта. Дзеля больш дакладнага іх узнаўлення яны перадавалі навакольны свет у дэфармаваных, скажоных вобразах. Так, у мастацтве экспрэсіянізму былі распрацаваныя вобразы “крыку”: карціна “Крык” Э. Мунка, “крык-драма” ў Германіі (Э. Толер, Г. Кайзер). На хвалі антываеннага пратэсту ўзнік дадаізм, прадстаўнікі якога адкрыта адмовіліся ад удзелу ў вайне, ад традыцый папярэдняга мастацтва. Дадаісты ўпершыню ператварылі мастацтва ў “антымастацтва”: падмяніўшы мастацкі твор прадметам рэчавага свету, яны “растварылі” мастацтва ў рэчавым свеце, вылучылі абсурднасць як асобны мастацкі прыём. Сферу неўсвядомленага прызналі крыніцаю мастацтва прадстаўнікі сюррэалізму (тэрмін вынайдзены Апалінэрам), якія ўводзілі ў мастацтва “ашаламляльныя” вобразы: “аблезлае сонца жарэ ўдары сякеры” (Лейрыс), “куст — чырвоны, бы яйка, яшчэ зялёнае” (А. Брэтон). Аўтаматызм пісьма, спалучэнне неспалучальнага, увага да гукапісу і адмаўленне ад знакаў прыпынку — усё гэта вызначае мастацкі метад і паэтыку сюррэалістаў. Метад “плыні свядомасці” ўвайшоў у шырокі ўжытак у пачатку XX ст. дзякуючы творчасці Дж. Джойса, М. Пруста і інш. У другой палове XX ст. пашырыліся неаавангардысцкія кірункі і школы: тэатр абсурду, школа “новага рамана” ў Францыі, “канкрэтная паэзія” ў Аўстрыі і Германіі, ЗША і Японіі ды інш. Тэатр абсурду, прадстаўлены найперш драматургамі С. Бекетам і Э. Ёнэска, выяўляе ідэю татальнага адчужэння ў грамадстве, немагчымасць зразумець адзін аднаго, ідэю татальнай (духоўнай, маральнай, фізічнай) дэградацыі чалавека. Эксперыментальныя пошукі “рэчавістаў” (“шазістаў”) (М. Бютора, А. Роб-Грые і іншых прадстаўнікоў аднаго з адгалінаванняў “новага рамана”) былі скіраваныя на тое, каб “ачысціць” свет ад чалавечага “я”, ад непаўторнасці суб’ектыўнага ўспрымання, выключыць сюжэт і выдаліць дзеючых асоб, паказаць наваколле ў “чыстым” выглядзе, такім, якое яно нібыта і ёсць на самай справе. У той жа час другое адгалінаванне “новага рамана” — гіперпсіхалагізм (Н. Сарот) — акцэнт рабіла на максімальна суб’ектыўнай рэакцыі чалавека на навакольны свет.
Метад (ад грэч. méthodos — шлях даследавання, тэорыя, вучэнне) літаратурны — сістэма гістарычна абумоўленых прынцыпаў творчасці, якімі блізкія паводле ідэйна-эстэтычных пазіцый мастакі кіруюцца пры адборы, абагульненні і мастацкай ацэнцы жыццёвых з’яў. Як правіла, тыя ці іншыя метады адначасова выяўляюцца ў разнастайных відах славеснага мастацтва (паэзія, проза, драматургія), а таксама мастацтва ўвогуле (літаратура, жывапіс, архітэктура і інш.). Метад цесна звязаны з тыпам творчасці і літаратурным кірункам, у значнай ступені абумоўлівае стыль пісьменніка. У мастацтве — і ў літаратуры адпаведна — гістарычна змянялі адзін аднаго, а часам і суседнічалі разнастайныя літаратурныя метады: барока, класіцызм, сентыменталізм, рамантызм, рэалізм. Для кожнага з іх характэрны свае прынцыпы і сродкі адлюстравання рэчаіснасці, героі, пафас і г.д.
Метафара (ад грэч. metaphorá — перанос) — троп, заснаваны на пераносе назвы з аднаго прадмета на другі на падставе іх падабенства. Ва ўтварэнні мастацкіх метафар галоўную ролю адыгрываюць асацыятыўныя сувязі паміж прадметамі: “На струнах хвой спявае вецер” (А. Куляшоў). Метафару часта называюць “згорнутым параўнаннем”. Аднак калі ў параўнанні абодва складнікі (тое, што параўноўваецца, і тое, з чым параўноўваецца) захоўваюць сваю адносную самастойнасць, то метафара “стварае адзіны вобраз, як бы размывае межы паміж прадметамі і паняццямі” (Л. Чарнец). Метафары могуць быць простымі (“Пакліч — былое адгукнецца” (А. Куляшоў) і разгорнутымі (ахопліваюць большую частку твора ці цалкам твор, звычайна лірычны, напрыклад, жыццё — акіян у паэме А. Куляшова “Цунамі”). Адной з разнавіднасцей метафары з’яўляецца ўвасабленне, або персаніфікацыя (ад лац. persona — асоба і facio — раблю), адзін з самых распаўсюджаных тропаў у сучаснай паэзіі, які заключаецца ў наданні чалавечых уласцівасцей рэчам, прадметам, з’явам прыроды. Насычанасць метафарамі прадвызначае метафарычнасць стылю пісьменніка (так, яскравым прадстаўніком сучаснай метафарычнай паэзіі лічыцца Р. Барадулін).
Міф (ад грэч. mýthos — аповед, паданне) — казанне (паданне), у якім увасобіліся ўяўленні старажытнага чалавека пра светабудову і навакольнае жыццё. Міфалогія (ад грэч. mýthos — аповед, паданне і lógos — слова, паняцце, вучэнне) — сукупнасць міфаў пэўнага народа (навука, якая іх вывучае таксама называецца міфалогіяй). Касмаганічныя міфы апавядалі пра стварэнне свету, антрапагенічныя — пра паходжанне чалавека, тэаганічныя — пра багоў, салярныя — пра сонца, этыялагічныя — пра розныя аб’екты і з’явы прыроды, флору і фауну і г.д. Як зазначае Т. Шамякіна, “міфалогія — не казкі і не фантастычныя ўяўленні — гэта абагульнены вопыт жыццядзейнасці продкаў, адлюстраваны і захаваны праз сістэму вобразаў”; гэта своеасаблівая “філасофія ў вобразах”. Міфалогія стала вытокам вобразных і выяўленчых сродкаў архаічнага і традыцыйнага фальклору, аказала (і працягвае аказваць) велізарны ўплыў на літаратуру і мастацтва ўвогуле. Напрыклад, антычныя міфы леглі ў аснову паэм “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе”. Міфалагічныя матывы і вобразы знайшлі ўвасабленне ў творах класікаў беларускай літаратуры (М. Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа) і сучасных пісьменнікаў (адзін з самых яскравых прыкладаў — “Старасвецкія міфы горада Б.” Л. Рублеўскай).
Мова мастацкага твора —моўная аснова літаратурнага твора, індывідуальная рэалізацыя ў мастацкім тэксце патэнцыялу і магчымасцей нацыянальнай мовы. Асновай мовы мастацкага твора з’яўляецца літаратурная мова, аднак пісьменнік можа выкарыстоўваць — у эстэтычных мэтах — усе магчымасці нацыянальнай мовы: прастамоўныя словы і выразы, дыялектызмы, архаізмы, прафесіяналізмы і г.д. Унутры мовы мастацкага твора (калі разглядаць яе як сістэму) можна вылучыць некалькі ўзроўней: — фанетыка-марфалагічны(гукапіс і яго віды); — лексіка-фразеалагічны (уключае як агульнаўжывальную лексіку, так і тропы); — інтанацыйна-сінтаксічны (маецца на ўвазе літаратурны сінтаксіс). Характэрнай асаблівасцю мовы мастацкага твора з’яўляецца яе вобразнасць. У мастацкім творы суіснуюць дзве асноўныя сферы: мова аўтара і мова персанажаў. Паміж імі знаходзяцца пераходныя тыпы: няўласна аўтарскі аповед, няўласна-простая мова (выкарыстоўвае формы трэцяй асобы для абазначэння суб’екта маўлення) і сказ (аўтар перадае слова апавядальніку (расказчыку), які можа быць названы па імені альбо застаецца ананімным, пры гэтым у творы з’яўляецца ўстаноўка на вуснае маўленне). Усе гэтыя тыпы аповеду ў вялікім тэксце цесна пераплятаюцца.
Наватарства ў літаратуры — абнаўленне мастацкай славеснасці; творчае пераасэнсаванне і працяг зробленага папярэднікамі; у найбольш яркіх выпадках — з’яўленне ў літаратурным працэсе чагосьці беспрэцэдэнтна новага (напрыклад, пошукі і здабыткі А. Разанава ў галіне новых паэтычных жанраў). Меркаванні пра наватарства пісьменніка ці літаратурных кірункаў павінны абапірацца на веданне тых мастацкіх традыцый, якія яны атрымалі ў творчую спадчыну.
Памер (метр) вершаваны — найбольш агульная рытмічная схема верша; паняцце, звязане з колькасцю і характарам стоп у вершаваных радках (трохстопны амфібрахій, пяцістопны ямб і інш.). Асобныя памеры ў антычнай і сілаба-танічнай сістэмах вершаскладання маюць свае назвы (гекзаметр, пентаметр, александрыйскі верш і г.д.); у сілабічнай сістэме вершавання памер вызначаецца колькасцю складоў у вершаваных радках (дзесяціскладовік, трынаццаціскладовік і да т.п.).
Параўнанне — троп, іншасказальны выраз, у якім шляхам супастаўлення двух прадметаў, з’яў ці паняццяў сутнасць аднаго з іх тлумачыцца праз сутнасць другога.
Пафас (ад грэч. pathos — пачуццё, натхненне, жарсць) — ідэйна-эмацыянальная скіраванасць літаратурнага твора, што выяўляе спецыфіку мастацкага зместу ў сукупнасці ўсіх яго кампанентаў. Пафас можа быць трагічны (у творы супрацьдзейнічаюць высокае і высокае), гераічны (супрацьстаянне высокага і нізкага), камічны (нізкае і нізкае), сатырычны (нізкае і высокае), ідылічны (пры адсутнасці ў творы эстэтычна значнага канфлікту), а таксама сентыментальны, рамантычны, драматычны.
Паэзія(ад грэч. póiēsis — творчасць) — адзін з двух асноўных (побач з прозай) тыпаў славесна-мастацкай творчасці, характэрнымі асаблівасцямі якога з’яўляюцца павышаная эмацыянальнасць, яркая вобразнасць, музычны пачатак, вершаваны рытм як адметны спосаб арганзіцыі моўнага матэрыялу.
Паэма (грэч. póiēma — твор, ад póiēin — ствараць) — жанр ліраэпасу; вялікі па аб’ёме вершаваны твор, у якім аўтарская задума раскрываецца адначасова з дапамогай лірычных і эпічных сродкаў. Асаблівасцю паэмы як жанру з’яўляецца спалучэнне адносна разгорнутага сюжэта з развіццём вобраза лірычнага героя, які адыгрывае ў творы актыўную ролю. У паэме могуць прысутнічаць і элементы драмы — у выглядзе скразнога напружана-канфліктнага дзеяння, маналогаў і дыялогаў. Часам гэтыя элементы пераважаюць настолькі, што ўзнікае своеасаблівая жанравая разнавіднасць — драматычная паэма “Адвечная песня”, “Сон на кургане” Янкі Купалы, “Хамуціус” А. Куляшова). Разам з тым ліраэпічная раўнавага можа парушацца і на карысць эпасу — у гэтым выпадку гавораць пра эпічную паэму (“Пан Тадэвуш” А. Міцкевіча, “Новая зямля” Якуба Коласа). У лірычных паэмах, наадварот, пераважае лірычны тып светаадчування і адлюстравання жыцця (“Лясная песня” А. Лойкі). Аднак у цэлым паэме як жанру ўласцівая гармонія лірычнага, эпічнага і драматычнага пачаткаў. У якасці асобнай разнавіднасці жанру разглядаецца паэма ў прозе (кніга Я. Сіпакова “Ахвярны двор”). Паэтыка (ад грэч. poiētikē — паэтычнае мастацтва) — літаратуразнаўчая дысцыпліна, якая вывучае структуру літаратурнага твора, а таксама сістэму мастацка-эстэтычных сродкаў і прыёмаў, якія ў ім выкарыстоўваюцца. Паэтыка як раздзел тэорыі літаартуры падзяляецца на агульную, апісальную і гістарычную. Агульнаяпаэтыка даследуе ўсе магчымыя спосабы і сродкі ўвасаблення аўтарскай задумы, а таксама іх адпаведнасць літаратурным родам і жанрам. Апісальная паэтыка выяўляе асаблівасці канкрэтных твораў асобных аўтараў або цэлых перыядаў ці кірункаў. Гістарычная паэтыка вывучае паходжанне і развіццё разнастайных кампанентаў літаратурна-мастацкай сістэмы, выяўленчых сродкаў (тропы, рыфмы і інш.) і катэгорый (жанр, мастацкі час і г.д.). У шырокім сэнсе паняцце “паэтыка” супадае з паняццем “тэорыя літаратуры”; у вузкім абазначае даследаванне мовы мастацкага твора. Акрамя таго, тэрмінам “паэтыка” абазначаюць сістэму мастацкіх сродкаў, характэрных для пісьменніка, кірунку, эпохі — напрыклад, “паэтыка беларускага рэалізму”. Постмадэрнізм (англ. postmodernism, франц. postmodernisme, ням. postmodernismus) — тэрмін, які абазначае складаны комплекс філасофскіх, навукова-тэарэтычных і мастацка-эстэтычных з’яў, што ў значнай ступені абумовілі своеасаблівасць культуры канца ХХ ст. У перакладзе з нямецкай мовы постмадэрнізм азначае “тое, што ідзе пасля мадэрну”. Дыскусія пра сутнасць і статус постмадэрнізму не заціхае і сёння. Некаторыя беларускія літаратуразнаўцы прапануюць лічыць яго мадэрнісцкім літаратурным кірункам, што заявіў пра сябе з другой паловы ХХ ст.; іншыя разглядаюць постмадэрнізм як сукупнасць твораў, што з’явіліся ў розных краінах свету і прынеслі з сабой прынцыпова новую філасофію, эстэтыку, мову. Падаецца слушным меркаванне расійскага даследчыка І. Ільіна, які прапануе трактаваць постмадэрнізм як спецыфічны спосаб светаўспрымання, светаадчування і ацэнкі як пазнавальных магчымасцей чалавека, так і ягоных месца, ролі ў навакольным свеце. Светапоглядным грунтам постмадэрнізму стала глыбокае расчараванне ў ідэалогіі гістарычнага прагрэсу, сфармуляванай французскімі асветнікамі XVIII ст. У агульным сэнсе постмадэрнізм асэнсоўваецца як плюралізм і арыентацыя на фрагмент замест цэлага. На думку большасці даследчыкаў, на Захадзе пераход ад мадэрнізму да постмадэрнізму прыпадае на сярэдзіну 1950-х, з другой паловы 1960-х ён ператвараецца ці не ў самую ўплывовую тэндэнцыю ў літаратуры, мастацтве, філасофіі. (Некаторыя вучоныя літаратурны постмадэрнізм звязваюць з творам Дж. Джойса “Хаўтуры па Фінегане” (1939). Гэты тэрмін аб’ядноўвае шырокі спектр разнастайных культурных працэсаў: адсутнасць адзінага каштоўнаснага цэнтра, крытычнае стаўленне да глабальных ідэалогій, увага да людзей “дна”, пошукі сінтэзу паміж мастацтвам і масавай культурай. Постмадэрнізм у літаратуры звязваецца, як правіла, са спецыфічным “стылем пісьма”, які адлюстроўвае складанасць, хаатычнасць свету на памежжы стагоддзяў і тысячагоддзяў. Адной з галоўных адзнак постмадэрнізму становіцца перагляд самога паняцця “тэкст” і пашырэнне яго межаў (“свет як тэкст”). Гульня ў постмадэрнізме разумеецца як складаны дыялог культур унутры твора: тэкст ператвараўся ў інтэртэкст, а пасля — у гіпертэкст. Творчасць у постмадэрнісцкім кірунку патрабуе не толькі вытанчанага мастацкага густу, але і грунтоўнай літаратурнай, філасофскай, культуралагічнай падрыхтоўкі. Постмадэрністы мяркуюць, што спасціжэнне рэчаіснасці даступна толькі інтуітыўнаму — “паэтычнаму” — мысленню. Постмадэрнізм не хавае сваёй цытатнай прыроды, “гуляе” з ужо вядомымі эстэтычнымі мадэлямі. Цэнтральнымі яго прынцыпамі з’яўляюцца інтэртэкстуальнасць, татальная іронія, фрагментарнасць аповеду і некаторыя іншыя. Свет у творах пісьменнікаў-постмадэрністаў ўспрымаецца як велізарны, шматузроўневы і шматзначны Тэкст, што складаецца з хаатычнага перапляцення разнастайных культурных моў, цытат. Уласна ж постмадэрнісцкі твор разглядаецца як гульня з чытчом, пэўная загадка, якую і прапануецца разгадаць чытачу. Пісьменнік-постмадэрніст уступае ў своеасаблівы дыялог з хаосам, збірае аскепкі разнастайных культур, спрабуе знайсці кампраміс паміж нізкім і высокім, цэласнасцю і фрагментарнасцю, фантазіяй і рэальнасцю, законам і асбурдам. Працэс літаратурны — складанае, гістарычна абумоўленае развіццё літаратуры (нацыянальнай, сусветнай) як комплексу ўзаемазвязаных фактаў і з’яў. Тэрмін “літаратурны працэс” з’явіўся на мяжы 1920-х—1930-х гг.; шырока ўжывацца пачаў з 1960-х. Літаратурны працэс і ў межах нацыянальнай літаратуры, і ў маштабе сусветнага мастацтва складваецца з літаратурных эпох (этапаў, перыядаў развіцця), кожная з якіх уключае як “старое”, так і “новае”. Абавязковымі элементамі літаратурнага працэсу з’яўляюцца мастацкія творы ў рукапісах, публікацыях у перыёдыцы і асобных выданнях; выказванні і ацэнкі літаратурнай крытыкі; чытацкія водгукі, прадстаўленыя ў мемуарах і эпісталярнай літаратуры. Важная частка літаратурнага працэсу — узаемадзеянне мастацкай літаратуры з іншымі відамі мастацтва, а таксама з агульнакультурнымі, моўнымі, навуковымі, ідэалагічнымі з’явамі; яшчэ адзін істотны сегмент — пісьменніцкія ўзаемасувязі і ўзаемаўплывы. Узнікненне літаратурнага працэсу магчымае пры спалучэнні цэлага шэрага фактараў: павінна мецца дастатковая колькасць пісьменнікаў, здольных не толькі ствараць літаратурныя творы, але і ўступаць у ідэйна-творчае ўзаемадзеянне. Акрамя таго, дзеля разгортвання літаартурнага працэсу неабходныя друкаваная літаратурна-мастацкая перыёдыка і выдавецтвы. Літаратурны працэс уключае як творчасць асобных пісьменнікаў, так і літаратурных груп, арганізацый, творчыя дасягненні літаратурных пакаленняў і інш. Ён характарызуецца масавасцю, неперарыўнасцю літаратурных з’яў, пераемнасцю і развіццём літаратурна-мастацкіх традыцый.
Проза (лац. prosa, ад prosa oratio — прамая, прама звернутая мова) — адзін з двух асноўных (побач з паэзіяй) тыпаў славесна-мастацкай творчасці, заснаваны на празаічнай мове, якая, у адрозненне ад вершаванай, не мае завершанай сістэмы рытмічных паўтораў. Аднак у дачыненні да прозы гавораць пра існаванне своеасаблівага рытму — так званага рытму прозы, або тэмпартыму, які грунтуецца не на рытмастваральных адзінках (націсках, колькасці складоў), а на асаблівасцях сінтаксічнай будовы фразы, законах дыхання і г.д.
Прытча, прыпавесць— невялікі алегарычны аповед павучальнага характару (прытчы К. Тураўскага, асобныя творы з “Казак жыцця” Якуба Коласа). У ХХ ст. прытча аказала такі вялікі ўплыў на паэтыку вялікіх эпічных твораў, што літаратуразнаўцы пачалі гаварыць пра прытчавасць прозы, напрыклад, А. Камю, Ч. Айтматава, В. Быкава. Нярэдка звяртаюцца да жанру прытычы і сённяшнія беларускія пісьменнікі (Я. Сіпакоў, Л. Галубовіч і інш).
Псіхалагізм (ад старажытнагрэч. psyche — душа і lógos — слова) у літаратуры — індывідуалізаванае аднаўленне ўнутранага свету людзей у літаратурных творах. Паўната і глыбіня перадачы разнастайных душэўных станаў, рухаў тых ці іншых персанажаў залежыць ад мастацкіх задач пісьменніка, ад прынцыпаў, форм і прыёмаў аналізу ўнутранага свету чалавека, якім аўтар аддае перавагу. Асноўныя формы псіхалагізму ў літаратуры ў цэлым можна прадставіць наступным чынам: 1) усюдыісны аўтар не толькі сам называе пачуцці, але і каменціруе іх, апавядае пра іх у форме ўскоснай мовы, выкарыстоўвае псіхалагічныя дэталі, партрэт, пейзаж і да т.п.; 2) характары выяўляюцца “звонку”: знешняя форма выяўлення, ці ўскосны псіхалагізм выкарыстоўвае апісанне асаблівасцей маўлення, мімікі, жэстаў, рухаў і інш.; 3) паказ характараў “знутры”, ці прамая форма псіхалагічнага выяўлення: шляхам самараскрыцця аднаўляецца плынь думак і пачуццяў у свядомасці і падсвядомасці персанажа (унутраны маналог, плынь свядомасці, сон, споведзь, дзённік). У сучаснай літаратуры ўсе тры формы часта выкарыстоўваюцца адначасова.
Публіцыстыка (ад лац. publicus — грамадскі) — у шырокім сэнсе — усе літаратурныя творы, якія асвятляюць пытанні палітыкі і грамадскага жыцця.
Раман (ад франц. roman — першапачаткова, у эпоху позняга Сярэднявечча: твор, напісаны на раманскіх мовах, а не на латыні) — вялікі эпічны празаічны (часам — вершаваны) твор, для якога характэрны шырокі ахоп жыццёвых з’яў пэўнага сацыяльнага асяроддзя, нацыі і эпохі, паказ шматлікіх характараў у іх развіцці, псіхалагічнай напоўненасці. Раман узнік на аснове старажытнага эпасу ў антычнай літаратуры (“Дафніс і Хлоя” Лонга, “Залаты асёл” Апулея), аднак у сучасным разуменні сфарміраваўся толькі ў XVI—XVIII стст. Росквіту жанр дасягнуў у ХІХ ст. у еўрапейскай і рускай рэалістычнай літаратуры. Жанравая палітра рамана надзвычай разнастайная: гісторыка-біяграфічны, сацыяльна-псіхалагічны, філасофскі, прыгодніцкі, гістарычны, раман-прытча, утопія, антыўтопія, дэтэктыўны, сатырычны і г.д. Эпічны твор, які вызначаецца маштабнасцю, гістарызмам мастацкага бачання, зваротам да асэнсавання шырокага кола праблем, якія маюць нацыянальнае і агульначалавечае значэнне, называецца эпапеяй (“Вайна і мір” Л. Талстога). Разнавіднасцю жанра з’яўляецца “раман у вершах”. У ім асэнсоўваюцца значныя сацыяльныя падзеі пэўнага асяроддзя, нацыі, эпохі, разам з тым паэтычная мова дапамагае непасрэдна выявіць лірычнае перажыванне (“Родныя дзеці” Н. Гілевіча).
Рамантызм —мастацкі метад, які атрымаў распаўсюджанне ў мастацтве і літаратуры канца XVIII — першай паловы XIX стст.; для яго характэрна падкрэсленая цікавасць да асобы і яе стасункаў з навакольнай рэчаіснасцю, а таксама супрацьпастаўленне рэальнаму свету — ідэальнага. Французскае romantisme ўзыходзіць да іспанскага romance. У XVIII ст. рамантычным (франц. romantique, англ. romantic) называлася ўсё фантастычнае, незвычайнае, дзіўнае, тое, што сустракалася толькі ў кнігах, але не ў рэчаіснасці. На мяжы XVIII і XIX стст. слова “рамантызм” становіцца тэрмінам для абазначэння новага літаратурнага кірун |
||
Последнее изменение этой страницы: 2018-05-29; просмотров: 1079. stydopedya.ru не претендует на авторское право материалов, которые вылажены, но предоставляет бесплатный доступ к ним. В случае нарушения авторского права или персональных данных напишите сюда... |