Студопедия

КАТЕГОРИИ:

АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция

ПРАВАПІС МЯККАГА ЗНАКА І АПОСТРАФА




Змякчальны мяккі знак

1. Мяккі знак пішацца пасля зычных з, л, н, с, ц (з мяккага т), дз (з мяккага д):

для абазначэння на пісьме мяккасці зычнага на канцы слова: мядзведзь, дзень, соль, вось, чытаць, пісаць, стань, кінь, лезь, шэсць, дзесяць, штось, дзесь, кудысь, чагось, вішань, кухань, соцень, песень;

для абазначэння на пісьме мяккасці зычнага перад цвёрдым зычным: дзядзька, бацька, касьба, барацьба, пісьмо, Вязьма, Кузьма, восьмы, процьма, дзьмухавец;

для абазначэння на пісьме мяккасці зычнага перад наступным мяккім зычным тады, калі пры змене формы таго ж слова (або пры замене яго другім словам таго ж кораня) гэты мяккі зычны становіцца цвёрдым, а папярэдні зычны захоўвае сваю мяккасць: барацьбе, барацьбіт (барацьба), пісьменнік (пісьмо), васьмі, васьмю (восьмы), цьмяны (цьма). Калі пры змене формы таго ж слова (або пры замене яго другім словам таго ж кораня) мяккасць зычных не захоўваецца, то мяккасць зычнага перад наступным мяккім зычным на пісьме мяккім знакам не абазначаецца: дзве –– два, шэсць –– шосты, звінець –– звон.

2. Мяккі знак пішацца для абазначэння мяккасці зычных у дзея­словах загаднага ладу:

перад канчаткам першай асобы множнага ліку -ма: кіньма, сядзьма, станьма;

перад канчаткам другой асобы множнага ліку -це: будзьце, кіньце, сядзьце, станьце, намыльце;

перад зваротнай часціцай -ся: кінься, звесься.

3. Мяккі знак пішацца для абазначэння мяккасці зычных у назоў­ніках перад канчаткам творнага склону множнага ліку -мі: коньмі, людзьмі, грудзьмі, дзецьмі.

4. Мяккі знак пішацца:

у складаных лічэбніках: пяцьдзясят, шэсцьдзясят, пяцьсот, шэсцьсот, дзевяцьсот;

у часціцы -сьці, якая ўваходзіць у склад слова: штосьці, чагосьці, кудысьці, дзесьці, чамусьці, якісьці;

у слове ледзьве.

5. Мяккі знак пішацца для абазначэння на пісьме мяккасці [л] перад зычнымі: пальцы, кольцы, відэльцы, сальца, вальцы, колькі, толькі, гульні, вельмі, Альф’еры, бразільскі (Бразілія), венесуэльскі (Венесуэла), уральскі (Урал), лепельскі (Лепель), лільскі (Ліль), Мангальф’е.

6. Мяккі знак пішацца для абазначэння на пісьме мяккасці [н]:

перад суфіксам -к-, а таксама перад суфіксам -чык- (калі слова без суфікса -чык- заканчваецца мяккім знакам): песенька, вішанька, нянька (і няньчыць); каменьчык (камень), праменьчык (прамень), карэньчык (корань), агеньчык (агонь);

перад суфіксам -ск- у прыметніках, утвораных ад назваў месяцаў, якія заканчваюцца мяккім [н’], і назоўніка восень: студзеньскі, чэрвеньскі, ліпеньскі, снежаньскі, восеньскі, а таксама ў суадносных уласных назвах: Чэрвеньскі раён, Ліпеньская школа;

у суфіксе -еньк- (-эньк-, -аньк-): маленькі, даражэнькі, прыгожанькі.

7. Мяккі знак не пішацца:

пасля шыпячых (ж, дж, ч, ш), р, ц (не з т мяккага) і д, т, а таксама пасля губных б, в, м, п, ф: дождж, ноч, мыш, цар, купец, голуб, п’едэстал, сям’я, В’етнам, верф;

пасля з, с, ц, дз перад мяккімі зычнымі, калі пры змене формы таго ж слова (або пры замене яго другім словам таго ж кораня) нельга паставіць гэтыя з, с, ц, дз перад цвёрдым зычным: песня –– песні –– песнямі, звер –– зверам –– звяроў, свет –– свяціць –– асвятленне,

дзверы –– дзвярэй, чацвер –– чацвяргом, чацвёрты –– чацвярціна –– чацверыком, цвёрды –– сцвярджаць; схіліцца, скінуць, ёсць, Дзвіна, Дзмітрый;

пры падаўжэнні зычных: насенне, ралля, галлё, калоссе, а таксама падваенні: ззяць;

у прыметніках з суфіксам -ск-, утвораных ад назоўнікаў на -нь: конскі (конь), астраханскі (Астрахань), любанскі (Любань), плзенскі (Плзень), чань-чунскі (Чань-Чунь), цянь-шанскі (Цянь-Шань).

Раздзяляльны мяккі знак і апостраф

1. Раздзяляльны мяккі знак пішацца пасля зычных л, с, ц (з мяккага т), дз і непрыставачных н і з перад е, ё, і, ю, я ў словах іншамоўнага паходжання: вальера, рэльеф, калье, мільён, медальён, павільён, більярд, дасье, канферансье, манпансье, пасьянс, парцье, парцьера, ранцье, Фацьян, Тэнардзье, Дзьюі, мадзьяры, кастаньеты, Тэньер, каньён, Тасіньі, Авіньі, Сеньі, Нью-Ёрк, каньяк, Карбюзье, Лавуазье, разьянскі.

2. Ва ўласных імёнах і назвах, утвораных ад імён на -ій (-ый), пасля зычных л, с, ц, дз, н, з перад суфіксальным -еў- (-ев-) пішацца мяккі знак: Васільеў, Васільевіч, Васільеўка, Васільеўскі востраў, Арсеньеў, Арсеньевіч, Афанасьевіч, Кандрацьеў, Кандрацьевіч, Аркадзьеў, Аркадзьевіч.

3. Пасля г, к, х і збегу зычных, акрамя нц, перад суфіксальным -еў-

 (-ев-) пішацца і (ы): Георгіеў, Георгіевіч, Яўціхіеў, Яўціхіевіч, Іракліевіч, Яўлампіевіч, Ануфрыеў, Ануфрыевіч, Ануфрыеўка, Дзмітрыеў, Дзмітрыевіч; але: Вікенцьеў, Вікенцьевіч, Лаўрэнцьеў, Лаўрэнцьевіч, Кліменцьевіч і інш.

4. Апостраф пішацца пры асобным вымаўленні зычных з наступным галосным:

пасля прыставак, якія заканчваюцца на зычную, перад е, ё, ю, я і націскным і: ад’е'зд, аб’ём, аб’я'ва, аб’ядна'цца, пад’ёмны, раз’ю'шыцца, між’я'русны, аб’і'нець, уз’ядна'нне, ад’юта'нт, ін’е'кцыя, кан’юнкту'ра;

у сярэдзіне слова пасля губных б, в, м, п, ф, заднеязычных г, к, х, зубных д, т і дрыжачага р перад літарамі е, ё, і, ю, я: б’ецца, вераб’і, В’етнам, інтэрв’ю, сям’я, Дзям’ян, Камп’ен, куп’ё, куп’істы, п’юць, саф’ян, Пракоф’еў, Пракоф’евіч, Мантэг’ю, Лук’ян, Х’юстан, Аж’е, Ч’япа, Буш’е, Д’еп, бар’ер, надвор’е, Грыгор’еў, Юр’еў, Мар’іна Горка;

у складаных словах з першай часткай двух-, трох-, чатырох-, шмат- перад літарамі е, ё, ю, я: двух’ярусны, трох’ярусны, шмат’ядзерны, шмат’ёмісты.

5. Апостраф не пішацца:

пасля ў (у нескладовага) перад літарамі е, ё, і, ю, я: абаўецца, саўюць, салаўі;

у складаных і складанаскарочаных словах на мяжы састаўных частак, у тым ліку калі іх часткі пішуцца праз злучок: цэхячэйка, дзяржюрвыдавецтва, трэд-юніёны.

 

ГЛАВА 4

Правапіс абрэвіятур

Правапіс абрэвіятур

1. У абрэвіятурах скарочаныя часткі пішуцца так, як у адпаведных поўных словах: гарсавет (гарадскі), прафсаюз (прафесійны), дзяржцырк (дзяржаўны), прамкамбінат (прамысловы), галоўурач (галоўны), генплан (генеральны), Еўрасаюз (еўрапейскі), заапарк (заалагічны), музвучылішча (музычнае), Белдзяржпраект (беларускі, дзяржаўны), Беллітфонд (беларускі, літаратурны), райбудкантора (раённая, будаўнічая), педфак (педагагічны факультэт), камбат (камандзір батальёна), ваенкамат (ваенны камісарыят), эсмінец (эскадраны мінаносец), прафкам (прафсаюзны камітэт), ваенкам (ваенны камісар), гарвыканкам (гарадскі выканаўчы камітэт), член-кар. (член-карэспандэнт), лясгас (лясная гаспадарка), рыбгас (рыбная гаспадарка), інтэрпал (інтэрнацыянальная паліцыя), лінкар (лінейны карабель).

2. Літарныя, гукавыя абрэвіятуры і абрэвіятуры змешанага тыпу звычайна пішуцца вялікімі літарамі без кропак, злучкоў і апострафаў: БДУ (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт), ВНУ (вышэйшая навучальная ўстанова), ЗША (Злучаныя Штаты Амерыкі), РВУ (рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова), УА (установа адукацыі), ЖЭС (жыллёва-эксплуатацыйная служба), СНД (Садружнасць Незалежных Дзяржаў), НАН Беларусі (Нацыянальная акадэмія навук Беларусі), ЗАТ (закрытае акцыянернае таварыства), СМІ (сродкі масавай інфармацыі), МАЗ (Мінскі аўтамабільны завод), МТЗ (Мінскі трактарны завод), ЦУМ (цэнтральны ўніверсальны магазін), УП (унітарнае прадпрыемства), ГА (грамадскае аб’яднанне), ТАА (таварыства з абмежаванай адказнасцю), ААН (Арганізацыя Аб’яднаных Нацый).

Калі да абрэвіятуры дадаецца лічба, то яна пішацца праз злучок: ВАЗ-21, МАЗ-200, МТЗ-82.

Калі абрэвіятура скланяецца, канчаткі пішуцца разам малымі літарамі: у нашым ЖЭСе, працаваў на МАЗе, рамонт ЦУМа, дысертацыя ў ВАКу.

Дапускаецца напісанне малымі літарамі агульнавядомых абрэвіятур, калі слова ўспрымаецца як простае: схадзіў у жэс і інш.

Малыя літары могуць уваходзіць у камбінаваныя абрэвіятуры: ЛіМ, БелТА, УП «Белкніга», БелНДВІ (Беларускі навукова-даследчы ветэрынарны інстытут).

3. Напісанне няўласнабеларускіх (запазычаных) абрэвіятур вызначаецца па слоўніку; поўны сэнсавы беларускі адпаведнік перадае значэнне такіх запазычанняў, а не расшыфроўвае іх: заўгас (загадчык гаспадарчай часткі), завуч (намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце), спецназ (атрад спецыяльнага прызначэння), АСУ (аўтаматызаваная сістэма кіравання), ЮНЕСКА (Камісія Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры).

4. У некаторых абрэвіятурах напісанне можа не адлюстроўваць натуральнае вымаўленне: ТЮГ –– Тэатр юнага гледача (вымаўляецца [ц’ух]), РІВШ –– дзяржаўная ўстанова адукацыі «Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы» (вымаўляецца [рыўш]).

5. Літарныя абрэвіятуры не трэба блытаць з умоўнымі графічнымі скарачэннямі, якія ўжываюцца на пісьме, але заўсёды чытаюцца поўнасцю.

Скарачэнне слоў рэгламентуецца наступнымі правіламі:

нельга скарачаць на галосную літару, на ь, на й і на ў;

пры спалучэнні дзвюх аднолькавых зычных скарачэнне робіцца пасля першай зычнай: насен. фонд;

пры збегу дзвюх або некалькіх зычных скарачэнне робіцца на апошнюю зычную: народн. творчасць;

калі імя або імя па бацьку пачынаецца з дыграфа Дз, то ініцыялам выступае толькі літара Д: Дзмітрый Дзмітрыевіч –– Д.Д.

Пры графічных скарачэннях ставіцца кропка і захоўваюцца тыя ж знакі і пачатковыя літары, якія ўласцівы поўнаму напісанню: В.-Д. к. (Волга-Данскі канал), с.-д. партыя (сацыял-дэмакратычная партыя),

чл.-кар. (член-карэспандэнт).

6. Стандартныя скарочаныя абазначэнні метрычных мер пішуцца без кропак: га (гектар), см (сантыметр), кг (кілаграм), км (кіламетр) і інш.

Ніжэй прыводзяцца агульнапрынятыя скарачэнні, якія не патрабуюць спецыяльнага тлумачэння.

Напрыклад:

акад. –– акадэмік;

б. –– былы;

бухг. –– бухгалтэрыя;

в. –– вёска;

в.а. –– выконваючы абавязкі;

в-аў –– востраў;

вобл. –– вобласць;

воз. –– возера;

г. –– год;

г. –– горад;

гг. –– гады;

г.зн. –– гэта значыць;

гл. –– глядзі;

гр. –– грамадзянін;

дац. –– дацэнт;

заг. –– загадчык;

зб. –– зборнік;

і г.д. –– і гэтак далей;

і да т.п. –– і да таго падобнае;

і інш. –– і іншае;

і пад. –– і падобнае;

нам. –– намеснік;

напр. –– напрыклад;

н.ст. –– новы стыль;

н.э. –– наша эра;

параўн. –– параўнай;

п-аў –– паўвостраў;

праф. –– прафесар;

р. –– рака;

р-н –– раён;

руб. –– рубель;

с. –– старонка;

с.-г. –– сельскагаспадарчы;

сс. –– старонкі;

с/с –– сельскі савет;

ст. –– стагоддзе;

стст. –– стагоддзі;

ст.ст. –– стары стыль;

т. –– том;

тав. –– таварыш;

т-ва –– таварыства;

т.зв. –– так званы;

тт. –– тамы.

 

ГЛАВА 5

ПРАВАПІС НЕКАТОРЫХ МАРФЕМ

§ 21. Аднамарфемныя прыназоўнікі

1. Прыназоўнікі аб, над, пад, перад пры спалучэнні з формамі асабовага займенніка я, што пачынаюцца збегам зычных, пішуцца з дадатковым а: аба мне, нада мной, перада мной. Прыназоўнік з замяняецца ў падобных выпадках на са: са мной; але: з мяне. Прыназоўнік у набывае форму ва ў спалучэннях са словамі з пачатковым у: ва ўніверсітэце, ва ўрачыстасцях, ва ўрочышчы.

2. Варыянт са прыназоўніка з згодна з вымаўленнем пішацца перад збегам зычных, калі першы з іх –– шыпячы або свісцячы: са школы, са шкіперам, са сваякамі, са смеху, са зброяй, са старых часоў, са сваімі сябрамі, са звонам, са здымка, велічынёй са шраціну, са знічкай; але: з братам, з праўдай, з пляча, з грукатам, з цвіком, адно з двух.

§ 22. Прыстаўкі

1. Да прыставак аб-, ад-, над-, пад-, раз- (рас-), с- (з-), уз- (ус-) пры спалучэнні з марфемамі, якія пачынаюцца збегам зычных, далучаецца дадатковае а: абарваць (абрываць), абагнаць (абганяць), адаспаць (адсыпацца), адапхнуць (адпіхваць), сабраць (збяру), сарваць (зрываць), надагнуць (надгінаць), падаспець, сатлелы, абамлець. Дапускаецца напісанне ўстаўнога а для раздзялення двух губных гукаў: абабягаць, абаперціся.

2. Прыстаўка су- пішацца:

у назоўніках, дзе су- выдзяляецца толькі гістарычна: сусед, сувой, сувязь, супын, супынак, сутаргі, сумятня, супастат, супоня, суткі, сутокі, суцяга, сумёт, сустаў;

у новых утварэннях, калі ёсць слова і без су-: суграмадзянін, супалімер, сукрэдытор, сукіраўнік, супастаўшчык, сучлен, суапякун, супрацоўнік, суродзіч, сунаймальнік, суспадчыннік, суадказчык, сузабудоўшчык, сувыканаўца і інш.;

у словах, якія без су- не ўжываюцца: суквецце, сузор’е, суладдзе, сугучча, суглінак, супесак, сукравіца, сузіральнік, сумежжа.

3. Прыстаўка су- пішацца:

у дзеясловах: суадносіць, супадпарадкоўваць, сумяшчаць, суіснаваць, сустракаць, сутыкацца, супярэчыць, супастаўляць, супадаць;

у прыметніках: сумежны, сукупны, суладны, сугучны, сучасны, сувымяральны, супольны, сумесны, суцэльны;

у прыслоўях: су'праць (супро'ць).

4. Прыстаўка су- захоўваецца ў лексемах, словаўтваральна звязаных са словамі, што маюць прыстаўку су-: сутачны (суткі), суцяжнічаць (суцяга), сурэдактарстваваць (сурэдактар), суапякунства (суапякун), сузіранне (сузіраць), сумяшчальнік (сумяшчаць), сустрэчны (сустрэча), супярэчлівасць (супярэчлівы), сумежнасць (сумежны), супольнасць (супольны), сумесна (сумесны), насуперак (супраць) і інш.

5. Прыстаўка са- пішацца:

у некаторых назоўніках, дзе прыстаўка выдзяляецца толькі гістарычна: сасуд, савет, сабор, саюз, саслоўе;

у запазычаннях і кальках (пераважна з рускай мовы): саіскальнік, сакурснік, садружнасць, сатрапезнік, сачыненне, састаў, саслужывец і інш.

6. Прыстаўка са- захоўваецца:

у лексемах, словаўтваральна звязаных са словамі з прыстаўкай са-: саўдзел (саўдзельнік), саслоўны (саслоўе), састыкоўванне (састыкаваць), састаўляць (састаў), сашчэпка (сашчапіць), сапраўды (сапраўдны) і інш.;

у дзеясловах, калі са- з’яўляецца варыянтам с- (перад збегам зычных): садраць (здзяру), сагнаць (зганю), саскочыць, сажмурыць, сасмажыць, саслабець, сасватаць, састроіць, сашмаргнуць, сашпіліць, саштурхнуць, сасмягнуць, сагнуць, саграшыць, сашчыкнуць, сашчапіць і інш.;

у прыметніку сапраўдны і вытворных ад яго.

Напісанне прыставак су- і са- ў іншых выпадках вызначаецца па слоўніку.

7. Калі апошняя зычная літара прыстаўкі і першая літара кораня супадаюць, то пішуцца абедзве літары: аддача, аддалены, Наддзвінне, наддаць, бяззорны, ззаду, ззелянелы, ссадзіць, ссівелы, бессардэчны, паддопытны, рассыпаць, раззлавацца, рассаднік (тое, што з’яўляецца крыніцай чаго-небудзь), уссаджваць, контрразведка, звышштатны, транссібірскі.

Словы-тэрміны іншамоўнага паходжання часткова падпарадкоў-ваюцца гэтаму ж правілу (асабліва тады, калі ёсць словы і без прыстаўкі, а прыстаўка далучаецца і да іншых каранёў): сюррэалізм, аддукцыя (рэалізм, індукцыя).

У некаторых выпадках, калі слова ўспрымаецца як невытворнае ў беларускай мове, літары не падвойваюцца: інавацыя, ірыгацыя, ірэальны, іміграцыя, акамадацыя, карэляцыя, аперцэпцыя, дысідэнт, імартэль, анігіляцыя, інервацыя, акорд, карэспандэнт. Напісанне такіх слоў-тэрмінаў вызначаецца па слоўніку.

У словах расол, расольнік, расада, расаднік (месца, скрынка для вырошчвання расады) адбылося сцяжэнне гукаў, і таму яны пішуцца з адной літарай с.

8. Да прыставак на з- адносяцца: з-, із-, уз-, раз-, без-, небез-, абез-, праз-, цераз-, а таксама дыз- і дэз-. У пэўных пазіцыях літара з замяняецца літарай с.

У прыстаўках з-, із-, уз-, раз-, без-, небез-, абез-, праз-, цераз- літара з пішацца перад звонкімі, санорнымі зычнымі і ётаванымі галоснымі (перад апострафам): збіць, здаць, знесці, ізноў, узняць, узбіцца, розгалас, бязмежны, небеззаганны, небязгрэшны, абезгалосець, абязгрошыць, празмерны, цераззерніца; раз’есці, раз’езд, абяз’ёдаваны, з’інець, раз’юшаны, без’языкі, бяз’ядзерны, з’ялчэць, з’явішча, уз’юрыцца. У слове разявіць і вытворных ад яго, а таксама ў словах узлаваць і ўзлавацца адбылося сцяжэнне [з] –– прыстаўкі і [з] –– кораня.

У гэтых жа прыстаўках замест літары з пішацца літара с перад глухімі зычнымі: скінуць, схапіць, іспыты, усхваляць, раскідаць, роспіс, беспадстаўны, небескарысны, абяскровіць, абясшкодзіць, цераспалосіца, росшукі, росчырк.

Калі корань слова пачынаецца з галосных а, у, э або ненаціскнога і, якое пераходзіць у ы, замест прыстаўкі з- пішацца прыстаўка с-: сарганізаваць, сумысна, сэканоміць, сыграць; але: зымправізаваць, зыначыць.

9. У словах, утвораных ад дзеясловаў ісці, хадзіць, прыстаўкі на з- пішуцца ў залежнасці ад лексічнага значэння: зысці –– сысці, зысціся –– сысціся, зыходзіць –– сыходзіць, зыходзячы –– сыходзячы, зыходны –– сходны, сыходны, зыход –– сход.

10. У прыстаўцы дыз- перад галоснымі (у тым ліку ётаванымі) пішацца з, а перад зычнымі –– с: дызасацыяцыя, дызартрыя, дыз’юнкцыя, дысгармонія, дыспрапорцыя, дыскваліфікаваць, дысфункцыя, дыскрэдытаваць, дыскамфорт.

11. Прыстаўка дэз- пішацца нязменна: дэзактывацыя, дэзарыентацыя, дэзынфекцыя, дэзынтэграцыя, дэзурбанізацыя.

12. Спалучэнні літар сч, сш, сшч, зж, здж на стыку прыстаўкі і кораня перадаюцца нязменна: расчахляць, расчэсваць, расчыніць, счысціць, счапіць, счэп, усчаць, счакацца, бесчалавечны, бясчулы, расчапіць (раз’яднаць), усчапіць (павесіць); расшыць, расшырэнне, сшытак, сшарэлы, расшумецца, расшпілены, бясшкодны, бясшлюбны; расшчапіць (раскалоць), расшчапленне (расколванне), расшчэп (раскол) (не блытаць счапіць і шчапаць), расшчаміць (разняць), расшчодрыцца, расшчоўкацца; зжыцца, разжаць, разжаліць, разжаніць, разжыва, безжурботна, безжыццёвы; зджаліць.

Выключэнні: рашчыніць (паставіць цеста), ушчуваць, нішчымны, а таксама вытворныя ад іх: рошчына, ушчуванне, ушчунак, нішчымніца.

13. Пры спалучэнні прыставак (аб-, ад-, над-, пад-, раз-, з- (с-), уз-, спад-, перад-, дэз-, суб-) са словамі, што пачынаюцца з і, у адпаведнасці з вымаўленнем замест і пішацца ы: абыграць, абынтэлігенціцца, зымправізаваць, зыначаны, зысці, сысці, адыграць, адыменны, адыходзіць, сыграцца, сышчык, узыход, спадылба, спадыспаду, перадынфарктны, падынтэграваць, разысціся, перадымперскі, перадыспытны, субынспектар, дэзынтэгратар, дэзынфармацыя, дэзынфіцыраваць.

Пасля прэфіксоідаў (звыш-, між-, пан-, супер-, транс-, контр-) і захоўваецца: звышімклівы, звышіндустрыяльны, звышінфляцыя, міжірыгацыйны, міжінстытуцкі, панісламізм, контрідэя, контрігра, суперінтэлект, трансіндыйскі.

У складанаскарочаных словах, першая частка якіх заканчваецца на цвёрды зычны, пачатковае і другога слова пішацца нязменна: педінстытут, дзяржінспектар, палітінфармацыя, санінструктар, цяжіндустрыя, медінструменты, спецінструктаж, гарінспекцыя, гасінвентар.

Прэфіксоід экс- пішацца праз злучок, і і не пераходзіць у ы: экс-інжынер, экс-імператар.

Некаторыя словы з коранем -ход- маюць варыянтныя формы: адыходлівы –– адходлівы, адыходнае –– адходнае, адыходы –– адходы, адыходнік –– адходнік.

 

Суфіксы

1. Пераважная большасць запазычаных дзеясловаў ужываецца з суфіксам -ава- (-ява-): дэградаваць, фальсіфікаваць, арыентаваць, прагназаваць, балансаваць, цытаваць, аналізаваць, іранізаваць, культываваць, кантактаваць, планаваць, групаваць, нацыяналізаваць, прыватызаваць, дэклараваць, ліквідаваць, акліматызаваць, перафразаваць, кваліфікаваць, інфармаваць, урбанізаваць, каталізаваць, функцыянаваць, ваенізаваць, кантраляваць, тыпізаваць, паразітаваць, фінансаваць, тыражаваць, ігнараваць, рэагаваць, кансультаваць, прафіляваць, ангажаваць, нерваваць, абстрагаваць, імпартаваць, дэбатаваць, дэбютаваць, інспектаваць, экспартаваць, рэканструяваць, дыскутаваць, правакаваць, фінішаваць.

2. Дзеяслоўны суфікс -ірава- (-ырава-) ужываецца:

калі без гэтага суфікса ўзнікае аманімія дзеясловаў з дзеясловамі з суфіксам -ава- (-ява-): буксіраваць –– буксаваць, парадзіраваць –– парадаваць, візіраваць –– візаваць, будзіраваць –– будаваць, газіраваць –– газаваць, камандзіраваць –– камандаваць, пазіраваць –– пазаваць, пасіраваць –– пасаваць, тушыраваць –– тушаваць, парыраваць –– параваць, паніраваць –– панаваць, фарміраваць –– фармаваць, апаніраваць –– апанаваць;

калі дзеяслоў без -ір- (-ыр-) губляе сваю фармальную і семантычную акрэсленасць: шакіраваць, бісіраваць, бравіраваць, гарманіраваць, драпіраваць, лабіраваць, грасіраваць, курыраваць, лавіраваць, дэкарыраваць, сервіраваць, фантазіраваць, лакіраваць, штудзіраваць, мусіраваць, татуіраваць і інш.;

калі дзеяслоў мае вузкатэрміналагічнае значэнне: манціраваць, пасівіраваць, аксідзіраваць, зандзіраваць, дэкаціраваць, сталіраваць, дэмпфіраваць, юзіраваць, юсціраваць, парафіраваць, дыфундзіраваць.

У некаторых выпадках паралельна ўжываюцца дзве формы: дэмаскіраваць –– дэмаскаваць, акупіраваць –– акупаваць, курсіраваць –– курсаваць, калькіраваць –– калькаваць, базіраваць –– базаваць.

3. Суфікс -ава- (-ява-) пішацца ў неазначальнай форме і формах прошлага часу тых дзеясловаў, якія ў першай асобе адзіночнага ліку губляюць гэты суфікс і заканчваюцца на -ую (-юю): галасую –– галасаваць, галасаваў, галасавала, галасавалі, начую –– начаваць, чаргую –– чаргаваць, малюю –– маляваць, камандую –– камандаваць, пакутую –– пакутаваць, даследую –– даследаваць, будую –– будаваць, рэкамендую –– рэкамендаваць, характарызую –– характарызаваць.

4. Суфікс -іва- (-ыва-) пішацца ў неазначальнай форме і асабовых формах цяперашняга часу дзеяслова, а таксама ў формах прошлага часу незакончанага трывання пасля збегу зычных, апошні з якіх л, р або н: падкрэсліваць, падкрэсліваю, падкрэсліваў, падкрэслівалі; падтрымліваць, адыгрываць, выветрываць, запэўніваць, адрозніваць.

5. Суфікс -ва- пішацца ў астатніх выпадках: выконваць, выконваю, выконваў, выконвалі; адказваць, вымешваць, адмерваць, заканчваць, загадваць, адорваць, разбэшчваць, падстрэльваць, раздумваць, заваёўваць, зацярушваць, дагульваць, размяркоўваць, забінтоўваць, распілоўваць.

У дзеясловах выйграваць і прайграваць пішацца суфікс -ава-.

6. Калі неазначальная форма дзеяслова закончанага трывання заканчваецца на -іць або -яць з папярэдняй галоснай, то ў незакончаным трыванні перад суфіксам -ва- пішацца й: утаіць –– утойваць, супакоіць –– супакойваць, засвоіць –– засвойваць, узброіць –– узбройваць, напаіць –– напойваць, склеіць –– склейваць, абнадзеіць –– абнадзейваць; засеяць –– засейваць, абсмяяць –– абсмейваць, запаяць –– запайваць, настаяць –– настойваць.

7. Суфікс -ен- пішацца ў дзеепрыметніках, утвораных ад дзеясловаў на -іць, -ці: адчынены, выбелены, згублены, супакоены, споены, накормлены, куплены, спаганены, скрыўлены, запылены, дазволены, зроблены, пазнаёмлены, асілены, заклеены, спалены, схілены, разяўлены, прастрэлены; звезены, прынесены, растрэсены, заведзены, спрадзены, пакрадзены, аплецены, мецены.

8. Пры чаргаванні ў аснове дзеяслова [с’] –– [ш], [з’] –– [ж], [ц’] –– [ч], [дз’] –– [дж] у дзеепрыметніках пішацца суфікс -ан-: насіць –– ношаны, уразіць –– уражаны, запрасіць –– запрошаны, круціць –– кручаны, апярэдзіць –– апярэджаны.

9. Спалучэнне галоснай я дзеяслоўнай асновы з суфіксам дзеепрыметнікаў -н- пішацца ў тых дзеепрыметніках, якія ўтвораны ад дзеясловаў на -яць-: пасеяны, развеяны, змуляны, аблаяны, абстраляны, павыдумляны, абмяняны (ад абмяняць).

10. Суфікс -ец- (-ац-) пішацца ў назоўніках мужчынскага роду. Пры змяненні слова галосны выпадае: акраец, індыец, разец, ісцец (родны склон істца), плывец, мсцівец, вясковец, кармілец, удалец, баец, бельгіец, незнаёмец, канькабежац, аварац, запарожац.

11. Суфікс -іц- (-ыц-) пішацца ў назоўніках жаночага роду і беглага галоснага не мае: ваколіца, патыліца, спадарожніца, мсцівіца, карміліца, розніца, кірыліца, кніжыца.

12. Памяншальна-ласкальны суфіксальны комплекс -ічк- (-ычк-) пішацца ў назоўніках жаночага роду, якія ўтварыліся ад слоў з фіналлю

-іц- (-ыц-): лесвічка, крынічка, сунічка, завушнічка, запальнічка, палічка (ад паліца), сястрычка.

У астатніх выпадках пішацца памяншальна-ласкальны суфіксальны комплекс -ечк- (-ачк-): дзядзечка, бутэлечка, лялечка, цётачка, галовачка, булачка, палачка (ад палка), рэчачка, курачка (ад курка), качачка, божачка, вушачка, Сонечка, Волечка, Ванечка, Жэнечка, Сцёпачка, Наташачка, Ганначка.

13. Суфікс -ак- (-ек-) пішацца не пад націскам у назоўніках, якія ва ўскосных склонах губляюць суфіксальнае а ці е: сшытак –– сшытка, пасынак –– пасынка, каласочак –– каласочка, дожджычак –– дожджычку, прыцемак –– прыцемку, аловак –– алоўка, перашыек –– перашыйка.

14. Суфіксы -ік- (-ык-), -нік-, -чык- пішуцца нязменна ва ўсіх формах слоў: конік –– коніка, столік –– століка, хлопчык –– хлопчыка, дожджык –– дожджыку, вожык –– вожыка, тэарэтык –– тэарэтыка, спадарожнік –– спадарожніка, пеўнік –– пеўніка, дарадчык –– дарадчыка.

15. Суфікс -ень- (-ань-) ва ўскосных склонах у адных назоўніках захоўвае галосны, у другіх яго губляе: вусень –– вусеня, прамень –– праменя; але: вучань –– вучня, шчэбень –– шчэбню, валасень –– валасня. Часам дапускаюцца абедзве формы: кіпень –– кіпеню і кіпню.

16. Суфіксы -чык- (-чыц-) і -шчык- (-шчыц-) ужываюцца пры ўтварэнні назоўнікаў, якія называюць людзей паводле заняткаў.

Суфікс -чык- (-чыц-) пішацца:

калі ўтваральная аснова заканчваецца на пярэднеязычныя д, т, з, с: аб’ездчык, дакладчык, дарадчыца, наладчык, ракетчык, пераплётчыца, лётчык, грузчык, возчык, рэзчык, перапісчык, перапісчыца (а таксама ў адпаведных прыметніках: дарадчыцкі, перапісчыцкі і інш.);

калі ў канцы ўтваральнай асновы адбываецца чаргаванне [г] –– [ж]: перабягаць –– перабежчык, перабежчыца, перабежчыцкі, нябога –– нябожчык, абцягваць –– абцяжчыца.

Суфікс -шчык- (-шчыц-) пішацца:

калі аснова заканчваецца на санорныя р, л, м, н, й: зваршчык, наборшчыца, вугальшчык, мадэльшчык, прыбіральшчыца, атамшчык, паромшчык, бетоншчыца, згоншчык, мыйшчык, пайшчык, пайшчыца, забойшчык (а таксама ў адпаведных прыметніках: наборшчыцкі, пайшчыцкі і інш.);

пасля спалучэнняў тых жа санорных з наступнымі т, г утваральнай асновы: працэнт –– працэнтшчыца, аліменты –– аліментшчык, аліментшчыца, кобальт –– кобальтшчык, цюбінг –– цюбінгшчык;

калі ўтваральная аснова заканчваецца на губныя зычныя б, п, м, ф і ў (з в): рубшчык, гардэробшчыца, апалубшчык, падкопшчык, скупшчык, скупшчыца, паромшчык, літаграфшчык, бунтаўшчык, нарыхтоўшчык, палясоўшчык, забудоўшчык.

17. З дапамогай суфіксаў -чын- і -шчын- утвараюцца дзве семантычна розныя групы назоўнікаў: назоўнікі са значэннем пэўнай грамадскай з’явы і назоўнікі са значэннем рэгіёна, абшару.

Суфікс -чын- пішацца пасля ўтваральных асноў, што заканчваюцца на д –– т, з –– с, ж –– ш, дж –– ч: складчына (склад-), спадчына (спад-), азіятчына (азіят-), салдатчына (салдат-), братчына (брат-), старасветчына (-свет-), казаччына (казак-/казач-), рэкрутчына

(рэкрут-); Валагодчына (валагод-), Брэстчына (брэст-), Навагрудчына (навагруд-), Ноўгарадчына (ноўгарад-), Суражчына (сураж-), Добрушчына (добруш-), Нямеччына (нямец-/нямеч-), Турэччына (турэц-/турэч-), Дабружчына (дабруж-), Глушчына (Глуск: глух-/глуш-), Грэшчына (Грэск: грэc-/грэш-), Полаччына (Полацк: полат-/полац-/полач-), Случчына (Слуцк: слуц-/случ-).

Суфікс -шчын- пішацца пасля ўтваральных асноў, што заканчваюцца на губныя б, п, м, ф, в або санорныя н, р, л, й, а таксама ў (з в або л): скупшчына (скуп-), здзельшчына (здзель-), нелегальшчына (нелегаль-), партызаншчына (партызан-), мінуўшчына (мінул-/мінуў-), суб’ектыўшчына (суб’ектыв-/суб’ектыў-), літаратуршчына (літаратур-), ваеншчына (ваен-), кампанейшчына (кампаней-), тарабаршчына (тарабар-), татаршчына (татар-), канцыляршчына (канцыляр-), папоўшчына (папов-/папоў-), хаваншчына (хаван-), мітынгоўшчына (мітынгов-/мітынгоў-), цыганшчына (цыган-); Браслаўшчына (браслаў-), Гомельшчына (гомель-), Гуцульшчына (гуцуль-), Гродзеншчына (гродзен-), Смаленшчына (смален-), Міншчына (мін-), Бабруйшчына (бабруй-), Зэльвеншчына (зэльвен-), Магілёўшчына (магілёў-), Віцебшчына (віцеб-).

Суфікс -шчын- пішацца і тады, калі ўтваральная аснова заканчваецца на зычны з папярэднім санорным: інтэлігентшчына (інтэлігент-), эмігрантшчына (эмігрант-), Самаркандшчына (самарканд-).

18. У прыметніках і прыслоўях з ласкальным значэннем:

пасля мяккіх зычных незалежна ад месца націску пішацца суфікс

-еньк-: круценькі, маленькі, ціхенька, паўнюсенька, утульненькі, нізенькі, беленькі, борздзенькі, хуценька;

пасля цвёрдых зычных пад націскам пішацца суфікс -эньк-, а не пад націскам — -аньк-: даражэ'нькі, старэ'нькі, харо'шанькі, све'жанькі, до'бранькі, гара'чанькі.

19. Падвоенае нн пішацца ў суфіксальнай марфеме -энн- (-енн-) у прыметніках з павелічальным значэннем (страшэнны, здаравенны, таўсценны, худзенны, высачэнны), у прыметніках з якасна-адносным значэннем (дратвенны, брытвенны, дарэформенны, абедзенны, свяшчэнны, вогненны).

20. Падвоенае нн пішацца на стыку ўтваральнай асновы і суфікса паміж галоснымі:

калі ўтваральная аснова заканчваецца на н, а суфікс пачынаецца з гэтай жа літары: дзённік, імяніннік, сяннік, маліннік, выгнаннік, дзянніца, абранніца, падаконнік, коннік, конны, сасоннік, карцінны, дывізіённы, гартанны, глыбінны, вінны, летуценны, паддонны, ваенны, вясенні, няспынны, бяссонны, айчынны, бязвінны, незаменны, прасцінны, дрэнны, дабрачынны, параённы;

калі аснова слова заканчваецца на нн, а суфікс пачынаецца зычным н: ванны (набор), манныя (крупы);

у прыметніках, утвораных ад назоўнікаў на -мя: іменны, імянны, пайменны, племянны, страмянны, цемянны.

Выключэнне: палымяны.

21. Суфіксы -ск- і -ств- пішуцца:

калі ўтваральная аснова заканчваецца на с, то на пісьме спалучэнне сс перадаецца адной літарай: матроскі, рускі, беларускі, хакаскі, папуаскі, тунгускі, лаоскі, гандураскі, уэльскі, адэскі, арзамаскі, вільнюскі, чавускі, копыскі, палескі, залескі, прускі, тбіліскі, кутаіскі, туніскі, эскімоскі, індускі, пелапанескі;

калі ўтваральная аснова заканчваецца на д, з, то спалучэнне іх з суфіксальным с падаецца як дс, зс: горад –– гарадскі, люд –– людскі, грамада –– грамадства, сусед –– суседскі, параход –– параходства, бяда –– бедства, Бесядзь –– бесядскі; француз –– французскі, Каўказ –– каўказскі, Сілезія –– сілезскі;

у словах, вытворных ад асноў славянскага паходжання на к, спалучэнне к з суфіксальным с на пісьме перадаецца як ц: лясніцтва, мастацтва, сваяцтва, спаборніцтва, гарняцкі, казацкі, крыжацкі, сакавіцкі, асветніцкі, наглядальніцкі, славацкі, гарадоцкі, беластоцкі, уладзівастоцкі, чашніцкі;

у словах, утвораных ад асноў на к неславянскага паходжання, на пісьме захоўваецца спалучэнне кс: арынокскі, нью-ёркскі, бангкокскі, бузулукскі, цюркскі, каракскі, каракалпакскі, квебекскі, таджыкскі, узбекскі;

у прыметніках, утвораных ад геаграфічных назваў на -ка, -кі, зычны к (калі перад ім ёсць іншы зычны) у канцы слова перад суфіксам -ск- знікае: крупскі (Крупкі), дудзінскі (Дудзінка), церахоўскі (Церахоўка), ямайскі (Ямайка), вяцкі (Вятка); але: касабланкскі;

калі ўтваральны назоўнік заканчваецца на літары -ск, то суфікс -ск- зліваецца з імі: Пінск –– пінскі, Глуск –– глускі, Новасібірск –– новасібірскі, Дамаск –– дамаскі, этруск –– этрускі; але: баск –– баскскі;

калі ўтваральная аснова слова заканчваецца на т, ц, ч, а суфікс пачынаецца зычным с, то спалучэнні тс, цс, чс на пісьме перадаюцца праз ц згодна з вымаўленнем: агенцтва, балцкі, брацкі, адвакацкі, салдацкі, лабаранцкі, парламенцкі, брэсцкі, бейруцкі, па-фармалісцку, па-інтэлігенцку, выдавецтва, кравецкі, івянецкі, прыпяцкі, суэцкі, па-спажывецку, па-купецку, ткацкі, баранавіцкі, парыцкі, грэцкі (арэх), скрыпацкі, чытацкі, па-дзявоцку;

калі ўтваральная аснова слова заканчваецца на ж, ш, х (у тым ліку і пры чаргаванні [г] –– [ж], [х] –– [ш]), а суфікс пачынаецца зычным с, то спалучэнні жс, шс у агульных назвах перадаюцца толькі адным с: таварыш –– таварыства, харошы –– хараство, мног/множ –– мноства, убог/убож –– убоства, бог/бож –– боскі, птах/пташ –– птаства, наш –– наскі, а таксама княжыць –– княства. У некаторых выпадках напісанне такіх слоў вызначаецца па слоўніку, чаргаванне [г] –– [ж], [х] –– [ш] адсутнічае: Буг –– бугскі, Гаага –– гаагскі, Катанга –– катангскі, казах –– казахскі, Цюрых –– цюрыхскі, Карабах –– карабахскі, фелах –– фелахскі, шах –– шахскі, ніўх –– ніўхскі, Пецярбург — пецярбургскі;

у прыметніках, утвораных ад уласных назваў і назваў народаў, спалучэнні жс, шс перадаюцца нязменна: Нясвіж –– нясвіжскі, Сураж –– суражскі, Парыж –– парыжскі, Балхаш –– балхашскі, латыш –– латышскі, чуваш –– чувашскі, Волг/Волж –– волжскі, чэх/чэш –– чэшскі, Праг/Праж –– пражскі, вараг/вараж –– варажскі.

22. Падвоенае цц пішацца:

у інфінітыве зваротных дзеясловаў: змагацца, брацца, купацца, вучыцца, прасіцца, імчацца;

у трэцяй асобе адзіночнага і множнага ліку зваротных дзеясловаў: змагаецца, змагаюцца, бярэцца, бяруцца, купаецца, купаюцца, вучыцца, вучацца, просіцца, просяцца, імчыцца, імчацца;

у лічэбніках адзінаццаць –– дваццаць, трыццаць і вытворных ад іх: адзінаццаты, дваццатка, пятнаццацігадовы.

ГЛАВА 6










Последнее изменение этой страницы: 2018-04-12; просмотров: 503.

stydopedya.ru не претендует на авторское право материалов, которые вылажены, но предоставляет бесплатный доступ к ним. В случае нарушения авторского права или персональных данных напишите сюда...